Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 126

Ніл Гілевіч

У лірыцы М. Рубцова, А. Жыгуліна, Ул. Гардзейчава, В. Казанцава, як і ў лірыцы іх беларускіх або ўкраінскіх паэтычных равеснікаў С. Гаўрусёва, А. Вярцінскага, Г. Бураўкіна, Дз. Паўлычкі, Б. Алейніка, І. Драча і іншых, вонкавых слядоў вучобы ў «школе» вуснай народнай творчасці — мала, а то і зусім не відаць. Затое мы бачым, як моцна лёс іх лірычнага героя знітаваны з лёсам роднай зямлі, як плённа жывіцца яго душа маральным здароўем народа, як шчодра ўзбагачаецца народнымі духоўнымі скарбамі яго ўнутраны свет.

Зрэшты, некаторыя з іх, разумеючы асаблівасць свайго таленту, іншы раз зусім натуральна і з творчым выйгрышам карыстаюцца элементамі паэтычнай мовы фальклору. Тут важна, каб паэт сам адчуваў сваю сілу і ведаў, што гэтая мова будзе гучаць у яго вуснах арганічна. Характарызуючы мастацкі стыль лірыкі Ул. Гардзейчава, ленінградскі крытык Д. Малдаўскі пісаў: «Ёсць паэты, у якіх нават старыя вобразы і паняцці не ўспрымаюцца як нешта архаічнае; упраўленыя ў радок, яны ажываюць. Многія памятныя мне вершы Ул. Гардзейчава якраз і ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні — натуральным:, паэтычным — мовы старой, што часам цягнецца каранямі ў зараз ужо архаічныя жанры народнай паэзіі, і мовы новай, сённяшняй» []. Вельмі слушна сказана! І справядліва не толькі ў дачыненні да Гардзейчава, але, напрыклад, і да паэзіі М. Рубцова, Ул. Цыбіна, В. Фокіпай, А. Чухонцава. Больш таго: на нашу думку, Ул. Цыбін у сваіх ранніх кнігах («Родительница степь», 1959 и «Медовуха», 1960) быў больш самабытным, чым у некаторых пазнейшых («Глагол», 1970), іменна таму, што раней ён больш шчорда чэрпаў з вобразна-моўнай стыхіі фальклору.