Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 124

Ніл Гілевіч

Зноў жа перад намі выключная вернасць народнапаэтычным традыцыям і поўная адпаведнасць стылю верша, яго паэтычнага сінтаксісу і мовы — духу нацыянальнага фальклору!

Куляшоў не стылізаваў нейкі адзін фальклорны жанр — не! Чалавек, дасведчаны ў беларускім фальклоры, знойдзе ў гэтым творы і нешта ад сапраўды фальклорных песень паланянак, і ад народнага пахавальнага галашэння, і ад рытмічнага складу батлеечна-балаганнага народнага верша і адчуе сурова-трагічны лад старажытнай беларускай балады, пераклічку з яе матывамі і вобразамі.

Прыгледзімся адно, як насычана сама мова верша народнымі фразеалагізмамі, устойлівымі зваротамі, цытатамі з песень. «А куды я пішу — можа, свет я смяшу...», «Не прашу за сябе — за зямлю, што нас лёгка насіла...», «У чужынца на правай руцэ...» (У народнай песні: «Ляжыць нялюбы па правай руцэ — я баюся разбудзіць.), «Паліваючы кожную шпалу і рэйку слязою гарачай» і г. д., і г. д. А ў выніку — у вышэйшай ступені арыгінальны твор пра яшчэ адзін бок вайны, яшчэ адзін бок усенароднай трагедыі — пра лёс жанчын-паланянак, тысяч дзяўчат і жанок, вывезеных на катаргу ў Германію. Дарэчы, ніхто глыбей і мацней за Куляшова гэту тэму ў савецкай паэзіі не раскрыў.

Вось толькі некалькі прыкладаў, як скарбы нацыянальнага фальклору могуць паслужыць паэту, паспрыяць яму ў яго ўласнай творчасці, дапамагчы напісаць выдатную арыгінальную кнігу, паэму, верш. Але ўсе гэтыя прыклады — з мінулага, няхай сабе і з не так далёкага. Ну, а як жа служыць фальклор паэтам сёння, на сучасным этапе развіцця нашай літаратуры? У якой ступені яны абапіраюцца на фальклорную спадчыну і на сучасны фальклор? У якой меры застаюцца вернымі народна-паэтычным традыцыям? Як шчодра і як плённа выкарыстоўваюць прыёмы і сродкі фальклорнай паэтыкі?

Уважлівае прачытанне сучаснай беларускай паэзіі дае, на наш погляд, падставу для наступнага вываду: сувязь з фальклорам больш моцная ў творчасці паэтаў старэйшага і сярэдняга пакаленняў і ў цэлым больш слабая ў паэзіі маладых. Тлумачыцца гэта, відаць, тым, што да нядаўняга часу ў беларускую паэзію таленты прыходзілі выключна з вёскі, дзе іх з маленства акружала стыхія фальклорнай культуры, якую яны пачыналі засвойваць яшчэ «з малаком маці», у калысцы. Яны натуральна праходзілі эстэтычную школу нацыянальнага фальклору. Цяпер сітуацыя досыць істотна мяняецца. Паяўляюцца паэты гарадскога паходжання або з такіх сучасных вёсак, у якіх традыцыйнага фальклору ў жывым бытаванні ўжо амаль няма, і яны могуць пазнаёміцца з ім толькі праз кнігі, што далёка не адно і тое ж. Да таго ж, трэба, каб было жаданне знаёміцца — няхай сабе і па кнігах (як калісьці М. Багдановіч), а час гэтаму зусім не спрыяе. Відаць, колькасць паэтаў, выхаваных ужо на чыста літаратурных традыцыях,— з развіццём урбанізацыі і карэннай перабудовы вёскі — будзе ў нас павялічвацца.