Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 127
Ніл Гілевіч
В. Фокіна ў гэтых адносінах пайшла далей за многіх сваіх равеснікаў і, як гэта нярэдка здараецца ў захапленні, часам траціць пачуццё меры і набліжаецца да той небяспечнай мяжы, за якой ужо — стылізацыя.
Вельмі паэтычныя, прыгожыя радкі — і ўсё ж мы міжволі адчуваем, што яны наўмысна архаізаваныя ў фальклорна-песенным стылі. Але такіх «перабораў» у Фокінай нямнога. Увогуле ж яе верш, моцна трымаючыся паэзіі вясковага працоўнага быту і жывога народнага слова, гучыць па-сучаснаму, іншы раз нават актуальна-завострана, палемічна. Так, лірычная гераіня верша «В магазине» не тоіць ні болю, ні гневу, бачачы, што «между роков, между твистов, меж крикливых завываний — уцененные, как вещи, мой родной напев и стих». На іранічнае пытанне якогась маладога меламана «Вы из деревни?» яна з годнасцю адказвае:
Глыбока творчым засваеннем народных вуснапаэтычных традыцый вызначаюцца кнігі вершаў Ю. Кузняцова «Край света — за первым углом» (1977) і А. Чухонцава «Из трех тетрадей» (1977).
Чытаючы такія творы Ю. Кузняцова, як «Вяртанне», «Чатырыста», «Залатая гара», «Дуб», «Атамная казка» проста дзіву даешся, да чаго ж вялікія магчымасці тояцца ў самой мастацкай прыродзе любога з фальклорных я{анраў! І ў тысячны раз пераконваешся: ды не мёртвы ж гэта капітал — фальклор, не мёртвы! Наадварот, гэта — крыніца «жывой вады», прыгубіць з якое — значыць, уваскрэснуць, набрацца здароўя і сілы, акрыліцца для новых творчых подзвігаў. Вядома, даступна яна далёка не кожнаму, а — калі ўжо карыстацца мовай казак — толькі волатам-асілкам у паэзіі.
Названыя творы Ю. Кузняцова ў жанравых адносінах розныя (балада, гераічная песня, казка, алегарычнае паданне, прытча), але ўсе яны цалкам трымаюцца на вобразах і прыёмах фальклорнай паэтыкі. Часам, як у «Чатырыста» і «Залатой гары», і сам верш гучыць зусім на вуснапаэтычны лад — настолькі, што напачатку ажно атарапееш: як можна гэтак смела, жыўцом пераносіць у свой твор народнае? Аказваецца, можна — калі гэтае народнае прапушчана праз гарніла тваёй душы і сэрца, праз жывы агонь высокага грамадзянскага пачуцця і думкі, калі народнае — скажам і так — стала тваім уласным.