Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 125
Ніл Гілевіч
Не буду ўспамінаць імёны паэтычных старэйшын — іх творчасць у плане нашай размовы дастаткова даследавана. Радуе тое, што глыбока арганічнае засваенне самога духу нацыянальнага фальклору і яго паэтыкі бачым мы сёння ў творчасці С. Гаўрусёва, Ул. Караткевіча, А. Вярцінскага, П. Макаля, Е. Лось, А. Лойкі, Г. Бураўкіна, Я. Сіпакова, В. Зуёнка, Р. Барадуліна, Д. Бічэль-Загнетавай, А. Грачанікава, В. Вярбы і іншых паэтаў сярэдняга пакалення. Прычым, кожны з іх натуральна хіліцца да пэўных жанраў фальклору і цікавіцца яго пэўнымі якасцямі, бярэ з народнай творчасці «сваё», што яму бліжэй, што больш адпавядае ягонай творчай натуры. Гэта і зразумела: фальклор — настолькі багатая і шматгранная эстэтычная сістэма, што можа аднолькава паспяхова служыць прадстаўнікам самых розных кірункаў і стыляў у сучаснай паэзіі — ад узнёслых рамантыкаў да самых «зямных» рэалістаў. С. Гаўрусёву, Г. Бураўкіну, В. Вярбе бліжэй, напрыклад, лірычная народная песня. Р. Барадулін і В. Зуёнак чэрпаюць не толькі з песні, але і з іншых жанраў, у прыватнасці — з народнай парэміялогіі і дзіцячага фальклору. Ул. Караткевіч і Я. Сіпакоў плённа выкарыстоўваюць паэтыку народнай балады, падання і легенды. А. Вярцінскаму і П. Макалю, побач з лірычнай песняй, імпануюць у фальклоры эпічныя творы філасофскага і павучальнага зместу — сацыяльна-бытавыя і чарадзейныя казкі, прытчы і байкі, народная драматургія. Пра Д. Бічэль-Загнетаву нават цяжка сказаць, да чаго яна бліжэй, але дух народнага паэтычнага слова адчуваецца ў яе кнігах моцна.
Пры ўсім тым, што пазваныя паэты (як і многія не пазваныя) шчыра і адкрыта цягнуцца душой да фальклору, неабходна падкрэсліць, што іх сувязь з народнай творчасцю не мае нічога агульнага з перайманнем і стылізацыяй. Фактаў «рабскай» залежнасці ад фальклору ў нашай лірыцы сёння зусім мала, а тыя, што ёсць, звязаны з імёнамі другараднымі або і зусім выпадковымі на творчай ніве. У першую чаргу — гэта некаторыя так званыя паэты-песеннікі, якія бязлітасна эксплуатуюць форму і паэтыку беларускай народнай лірыкі, бясконца паўтараючы адны і тыя ж фальклорныя «клішэ».
Карціна дачынення да фальклору сучасных рускіх паэтаў гэтага ж пакалення, у параўнанні з беларускімі, крыху больш складаная і стракатая. Справа ў тым, што ў рускай паэзіі сёння актыўна працуюць паслядоўнікі розных літаратурных традыцый і школ, у тым ліку і тых, што з фальклорам як эстэтычнай сістэмай вельмі мала судакранаюцца. Выхаванцы гэтых апошніх (а сярод іх ёсць і арыгінальныя таленты) не вызначаюць сваёй творчасцю вядучую тэндэнцыю развіцця сучаснай рускай паэзіі. На стрыжні паэтычнага руху знаходзяцца сёння імёны, пазначаныя несумненнай духоўнай сувяззю з народна-фальклорнымі асновамі. Нагадаем толькі некаторыя з іх: Мікалай Рубцоў, Анатоль Жыгулін, Уладзімір Гардзейчаў, Глеб Гарбоўскі, Вольга Фокіна, Уладзімір Цыбін, Уладзімір Кастроў, Барыс Прымераў, Уладзімір Фірсаў, Васіль Казанцаў, Юрый Кузняцоў, Алег Чухонцаў і многія іншыя. Думаецца, што ў гэты ж рад становіцца і паэтычнае імя Яўгена Еўтушэнка «Разный», «целе- і нецелесообразный», па ўласнаму прызнанню, Еўтушэнка, у «Молитве перед поэмой», якой пачынаецца «Братская ГЭС», звяртаецца з просьбай да ўсіх, каго лічыць сваімі настаўнікамі («Дай, Пушкин, мне твою певучесть... Дай, Лермонтов, свой желчный взгляд... О, дай мне, Блок, туманность вещую... Дай, Пастернак, смещенье дней...» і г. д.). Паказальна, што ён не назваў паперадзе ўсіх настаўніка па імені Фальклор. І тое, што ў «Молитве» не прагучала просьба накшталт: «Дай сваю мудрасць мне, фальклор, і сціпласць, і цнатлівасць!..» — сказваецца на многіх рэчах, што выйшлі з-пад пяра гэтага папулярнага рускага паэта. Тым не менш, Я. Еўтушэнка не толькі не цураецца фальклору, але і многім яму абавязаны. Напрыклад, «акустычная», разлічаная на слых рыфма, якую ў сучаснай рускай паэзіі ён бадай што больш за іншых культывуе,— гэта рыфма фальклорная. І да фальклорных вобразаў ён звяртаецца іншы раз вельмі ўдала, як, скажам, у «Балладе о Муромце» або ў вершы пра непахіснага і непераможнага казачнага «ваньку-встаньку» («Сказка о русской игрушке»). І любіць цытаваць у вершах народныя песні і рамансы, у тым ліку і гэтак званыя «жорсткія», нават «блатныя» («Граждане, послушайте меня...»). І калі трэба — вельмі дакладна перадае «склад і лад» народнай лірычнай песні ў сваёй уласнай («А снег повалится, повалится...»). І казачны сюжэт скарыстоўвае («Дворец»), і. традыцыйную форму заклінання («Заклинание»), і не абмінае сферу старажытных павер'яў («Идол»), і ахвотна падхоплівае народныя прыгаворкі, прымаўкі, трапныя слоўцы... Карацей кажучы, шмат у яго — ад фальклору. Вельмі шмат! Але адной «дробязі» ён усё ж не здолеў узяць у духоўнай спадчыне народа. Яго лірычнаму герою не хапае той цэласнасці і грунтоўнасці сапраўды народнага характару, якою вызначаецца, напрыклад, лірычны герой А. Твардоўскага або Я. Смелякова.