Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 122
Ніл Гілевіч
Усё гэта ўласціва такім, напрыклад, паэтам, як А. Твардоўскі, М. Ісакоўскі, А. Куляшоў. У іх творчасці фальклорны элемент не толькі не выпірае, але гучыць так арганічна, так натуральна, што мы, пры звычайным чытанні, не ставячы спецыяльнай мэты, нават не заўважаем яго. Уласна аўтарскае, прыдуманае і сфармуляванае паэтам, і — фальклорнае, прыкмечанае і ўхопленае з паэтычнай мудрасці народа,— не раз'яднаць, не аддзяліць адно ад другога. Фальклорнае ўваходзіць у арыгінальны твор так, як соль у страву: мы адчуваем, што яно ёсць, ведаем, што без яго было б чытаць «нясмачна» і што вылучыць яго немагчыма — яно растворана, яно ў самым духу верша, у самім водары і ў фарбах слова. Гэтакі твор, хоць і многа ў ім фальклорнага, заўсёды — жывы арганізм, з выразным, яскравым адбіткам асобы аўтара. Прыгадайце хаця б толькі адну эпічную рэч А. Твардоўскага — «Кнігу пра байца» («Васіль Цёркін»), Яе справядліва называюць савецкім паэтычным эпасам. У гэтай кнізе ўсё — ад пачатку да канца — народная праўда аб рускім салдаце на вялікай вайне, і сказана ўсё так, як бы гэта сказаў сам народ. І справа, вядома, не толькі ў тым, што верш кнігі — па-народнаму просты, ясны, даступны, што сотні радкоў кнігі гучаць афарыстычна, трапна, як народныя прыказкі, прымаўкі, досціпы, каламбуры, што ў тэксце нямала цытат з народных песень і прыпевак і г. д. Справа перш за ўсё ў агульным духу твора, у яго ідэйным змесце, у поглядзе паэта на вайну і на салдата ў гэтай вайне, справа ў філасофіі твора, у маральных крытэрыях і ацэнках — якія цалкам адпавядаюць народным; справа ў прынцыпах тыпізацыі, у той збіральнасці, усеагульнасці, скажам нават — сімвалічнай маштабнасці вобраза Цёркіна, што характэрна менавіта для народнага гераічнага эпасу, для гераічных казак і былін. Усё ж гэта аказалася творча падуладным Твардоўскаму таму, што ён з маленства, і ўсё жыццё, і тады, на вайне, жыў са сваім народам і сярод народа, жыў яго клопатамі, трывогамі і надзеямі, што думы і пачуцці народа былі ягонымі думамі і пачуццямі, што мова, жывое слова народа былі ягонай мовай, ягоным уласным словам.
Або прыгадаем верш М. Ісакоўскага «Враги сожгли родную хату» — адзін з самых выдатных і самых трагічных твораў аб вайне ва ўсёй савецкай паэзіі.