Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 121

Ніл Гілевіч

Павучальны ў гэтым плане матэрыял дае нам гісторыя рускай савецкай паэзіі. У 20-30-я гады, а нават і пазней да фальклору звярнуліся некаторыя паэты, увогуле чужыя народна-паэтычнай традыцыі і, можна сказаць, далёкія ад нацыянальных паэтычных вытокаў, паэты, якія не зрабілі паэтычную свядомасць народа часткай сваёй уласнай свядомасці, калі хочаце — сваёй душы.

Так, напрыклад, вельмі ўпарта і настойліва спрабаваў паслугавацца фальклорам І. Сельвінскі: у ранніх паэмах «Улялаеўшчына», «Камандарм-2», у вершаваным рамане «Пушторг», пасля вайны — у незакончанай трылогіі «Тры багатыры»; звярталіся да фальклору С. Кірсанаў у паэме «Золушка», А. Безыменскі ў паэме «Ноч начальніка палітаддзела» і інш. Аднак выкарыстанне фальклору ў гэтых аўтараў засталося на ўзроўні вонкавага пераймання, і нярэдка канчалася тым, што іх радкі гучалі парадыйна і толькі дыскрэдытавалі фальклор. Дзе прычына гэтага? Чым растлумачыць, што шчырае жаданне звярнуцца да народнай творчасці не прынесла гэтым паэтам плёну? А тлумачыцца гэта, напэўна, тым, што названыя паэты выхоўваліся, складваліся як творчыя асобы, на чыста літаратурнай традыцыі і былі, як я ўжо казаў, чужыя традыцыі народна-паэтычнай. Народная творчасць не была для іх натуральным спажыўным асяроддзем, з якога яны вырасталі, народная эстэтыка, прынцыпы фальклорнага адлюстравання жыцця, мастацкае мысленне шырокіх працоўных мас — ад усяго гэтага яны стаялі досыць далёка. А без такой ідэйна-эстэтычнай глебы ў душы іх успрыняцце народнай творчасці аказалася неглыбокім і неарганічным, прыёмы і сродкі фальклорнай паэтыкі выглядалі ў іх творах штучна прыцягнутымі і выпіралі з іх.

Аднаго жадання пакарыстацца сродкамі фальклорнай паэтыкі — мала. Аўтар, вядома, можа сказаць сабе: «Дай жа і я паштудырую фальклорныя выданні, назапашуся ведамі з гэтай галіны творчасці, засвою фальклорныя вобразы і матывы, прынцыпы і спосабы і прымушу ўсё гэта папрацаваць на сваю ўласную творчую задуму, на сучасную ідэю, на актуальную тэму». Можа, ён гэтак і зробіць, але вялікага мастацкага плёну чакаць у такім разе не прыходзіцца. Бо як нельга чалавеку баязліваму прыкінуцца смелым і рашучым, так нельга і лірычнаму герою прыкінуцца народна-нацыянальным характарам, калі ён гэткім у сапраўднасці не з'яўляецца. Баязлівец павінен пераадолець у сабе страх і боязь, расправіць, што называецца, плечы і душу і адчуць сябе іншым чалавекам, як бы парадзіцца нанава. Гэтак жа і лірычнаму герою, а дакладней — паэту: не народнага пакрою вопратку трэба адзяваць на сябе (пра гэта гаварыў яшчэ В. Бялінскі), а прычасціцца душой да лёсу народа, зрабіць гэты лёс сваім, зліцца з духоўным жыццём народа да канца, цалкам і поўнасцю,— да апошняга фібра душы, каб нішто не стаяла паміж табой і ім, каб ты адчуў сябе яго жывой часцінкай, каб усё, што ўласціва яму — характар, душа, склад мыслення, мова,— было ўласціва ў такой жа самай, прынамсі, меры і табе.