Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 120
Ніл Гілевіч
* * *
Якія ж сягоння вядомы шляхі і спосабы выкарыстання скарбаў фальклору, якія ступені фалькларызму ў літаратуры? Даследчыкі адзначаюць: а) запазычанне і выкарыстанне фальклорных сюжэтаў, матываў і асобных вобразаў — для вырашэння зусім арыгінальнай ідэйна-эстэтычнай задачы. (Значыць, тое, што датычыць зместу фальклору.); б) запазычанне і выкарыстанне сродкаў фальклорнай паэтыкі і мовы; в) розныя формы цытавання фальклору, уплятання ў арыгінальны твор фальклорных цытат; г) стылізацыя пад фальклор, поўная імітацыя фальклорнага твора.
Кожны з гэтых спосабаў можа мець свае вартасці, нават стылізацыя, з той агаворкай, што гэта апошняе,— задача вельмі цяжкая і даецца толькі буйным талентам (прыклады геніяльнай стылізацыі — казкі А. Пушкіна, «Песнь о купце Калашникове» М. Лермантава, песні А. Кальцова і М. Някрасава, некаторыя вершы М. Багдановіча, песні Ф. Багушэвіча).
У якой бы ступені ні выкарыстоўваўся фальклор, што б з яго ні бралася,— тут важна адно: гэта выкарыстанне не павінна быць механічным, бо механічнае, хоць і віртуознае,— гэта анахранізм; твор — анахранічны, калі ў ім не адчуваецца эмацыянальна-псіхічнага вопыту нашага сучасніка, калі гэта — толькі фальклорная экзотыка. У гэтым плане я лічу слушнымі словы латышскага паэта І. Аузіня: «Усякі паэт у большай ці меншай меры адчувае этычны, эстэтычны, ідэйны патэнцыял фальклору. Але калі гэты патэнцыял разглядаецца па-за сучасным кантэкстам, пачынаецца фетышызацыя фальклору» [].
Выкарыстанне фальклору патрабуе высокага майстэрства, бо фальклор і літаратура — дзве розныя эстэтычныя сістэмы, спалучыць якія немагчыма. «Такое развіццё вобразаў, як у пісьменнай літаратуры,— піша І. А. Асавецкі,— у фальклоры прынцыпова немагчымае, адступленне ад прынцыпу таясамасці ёсць адступленне ад мастацкасці, і гэта пастаянна трэба мець на ўвазе пры выкарыстанні фальклору». І далей: «Вобразам фальклору нельга прыпісваць чаго-небудзь, што ляжыць па-за комплексам вякамі склаўшыхся характарыстык гэтых вобразаў. (...) Стабільнасць сістэмы вобразаў фальклору, традыцыйнасць яго паэтыкі і мастацкіх сродкаў арганічна звязаны з мовай фальклору, якая ўяўляе сабой таксама стабільную сістэму, што розніцца ад мовы нефальклору» []. Пакідаючы ўбаку выпадкі фальклорнай стылізацыі (яна падуладна, паўтараю, нямногім), ідэальным я лічу такое выкарыстанне фальклору, калі слядоў гэтага выкарыстання не відаць ці ва ўсякім разе мы, чытачы, іх не заўважаем, яны не кідаюцца нам у вочы, не выпіраюць. Я за тое, каб у фальклоры як мага больш вучыцца, але як мага менш непасрэдна запазычаць і пераймаць. Вучыцца ж — значыць глыбока зразумець і засвоіць ідэйна-эстэтычную сістэму фальклору, пранікнуць у глыбіні яго духу, зместу, прайсці яго школу так, каб ён стаў арганічнай часткай тваёй унутранай культуры, тваёй духоўнай базы, якую ты ўвесь час узбагачаеш. Як гэта мы бачым у нашых класікаў Купалы, Коласа, Багдановіча, у Куляшова, Танка, Панчанкі і іншых выдатных паэтаў.