Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 119

Ніл Гілевіч

Так, адрыў ад народна-фальклорнай глебы непазбежна будзе сказвацца на творчасці пісьменніка адмоўна, бо ён азначае не проста адсутнасць цікавасці да казак, песень, прыказак і іншых жанраў народнай паэзіі. За раўнадушнасцю да фальклору тоіцца абыякавасць да нацыянальнай духоўнай спадчыны ўвогуле, да мовы і культуры свайго народа, да лёсу гэтае мовы і гэтай культуры. Ну, а чаго варты творца, раўнадушны да лёсу роднай культуры, і на якое месца, на якую ролю ён можа разлічваць у духоўным жыцці нацыі — гэта ўжо, як-то кажуць, няхай кожны падумае сам. Справа ў тым, што заканамернасць тут вельмі жорсткая: не цэніш, не даражыш нейкай часткай духоўнага скарбу народа — значыць, не даражыш і ўсім скарбам. Бо гэты скарб — непадзельны, бо гэты скарб ёсць душа народа, а яна, як вядома, не дзеліцца, яна — адна. Як пісаў найвялікшы з вялікіх нашых песняроў: «Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю...»

Без духоўнага ўрастання ў гэтую спадчыну, без моцных каранёў у душы народа немагчыма пісьменніку выпрацаваць сапраўды народныя ідэйна-філасофскія, маральныя і эстэтычныя асновы сваёй творчасці. Той жа, хто глыбока цікавіцца народнай творчасцю, міжволі пускае карані ў глыб роднай зямлі, у глыб гісторыі свайго народа, становіцца на верны шлях да нацыянальнага самапазнання. У нашых умовах сувязь з народна-фальклорнай глебай, вернасць ёй — гэта вернасць нацыянальнай культуры, мове, народнаму духу ў самым шырокім значэнні слова. Сувязь з духоўнай спадчынай, з фальклорам — гэта адна з галоўных ніцей, якая звязвае пісьменніка з нашым мінулым, з нашай гісторыяй, гэта адзін з наймацнейшых рычагоў уздыму нацыянальнай гістарычнай самасвядомасці, а без такой самасвядомасці «Палескую хроніку» не напішаш. Не папішаш яшчэ і па той прычыне, што без гэтай сувязі, без гэтых ніцей, без гэтага духоўнага народнага грунту пад нагамі, у цябе не будзе і той мовы, якая неабходна для стварэння такой вялікай кнігі пра лёс народа (вялікай не па аб'ёму, канешне). Паважаны чытач, магчыма, ўжо заўважыў, што ў нашай беларускай літаратуры беднай, сухой, канцылярскай мовай вызначаюцца як правіла творы менавіта тых аўтараў, якія не грашаць асаблівай любоўю да фальклору, да народнай песні, прыказкі, прымаўкі. Затое, якая багатая, сакавітая, шматфарбная мова ў тых пісьменнікаў, якія, будучы глыбокімі даследчыкамі народнага жыцця, з'яўляюцца дасканалымі знаўцамі нацыянальнага быту і фальклору і якія бязмежна закаханы ў жывое народнае слова!