Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 11

Ніл Гілевіч

У такі складаны час і падаў на радзіму — з далёкіх волжскіх берагоў — свой чысты і звонкі голас яшчэ нікому не вядомы паэт, паэт з выразна акрэсленым нацыянальным складам мыслення і бачання і з характэрным беларускім прозвішчам: Максім Багдановіч. Чытачы яго першых друкаваных вершаў, напэўна, былі б нямала здзіўлены, калі б ведалі, што паэту было ўсяго семнаццаць гадоў ад роду і што з іх толькі пяць першых ён пражыў на роднай беларускай зямлі. Мове сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў ён навучыўся з кніг і толькі з кніг, адчуўшы ў душы да яе невыказную любасць і пашану. Па праўдзе кажучы, і сягоння здаецца амаль неверагодным, як мог гэты хваравіты гімназіст-падлетак, адарваны ад жывой стыхіі беларускай мовы, прасякнуцца неадольным жаданнем авалодаць ёю, і авалодаць настолькі, каб улавіць усе найтанчэйшыя адценні слова, усе яго фарбы і колеры і, што яшчэ важней, адчуць праз мову самую душу народа і на яе высокі і прыгожы лад настроіць сваё маладое сэрца.

Даследчыкі творчасці паэта і яго біёграфы бачаць разгадку гэтай надзвычайнай у гісторыі літаратуры з'явы ў тым, што ў сям'і Багдановічаў панавала атмасфера глыбокай павагі да Бацькаўшчыны, павагі, якая перадавалася, несумненна, і дзецям; што бацька паэта Адам Ягоравіч быў выдатным беларускім вучоным-этнографам і меў багатую бібліятэку самых разнастайных кніг аб Беларусі, якімі захапіўся яшчэ ў гады дзяцінства і Максім; што менавіта гэтыя кнігі абудзілі ў ім цікавасць да роднага краю, да яго трагічнага лёсу, да яго людзей і прыроды — цікавасць, якая перарасла затым у самаахвярную любоў, у вялікую мэту ўсяго яго жыцця. Пералічаныя акалічнасці самі па сабе не надта б многа значылі, калі б не геніяльнае чуццё мастака, якім быў надзелены Багдановіч ад прыроды; калі б не выключнай сілы паэтычны дар, што даецца толькі натурам цэласным і глыбокім; калі б не тонкі і праніклівы розум, што здзіўляе сваёй неюнацкай спеласцю.