Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 111

Ніл Гілевіч

Працэс адбываецца глабальны і двухкірункавы. З аднаго боку — культурная інтэграцыя, з яе непажаданымі выдаткамі — уніфікацыяй, стандартызацыяй і бездухоўнасцю. З другога боку — як процідзеянне гэтым шкодным выдаткам — рост лакальнай нацыянальнай самасвядомасці, узмацненне нацыянальна-патрыятычных настрояў. У процівагу глабальнасці і інтэграцыі набывае сілу іншая тэндэнцыя — тэндэнцыя культурнага, духоўнага самасцвярджэння народаў. На нашу думку, тут можна правесці адну такую паралель. Мы пазіраем рост чалавека як асобы, усведамленне ім сваёй чалавечай годнасці, рост павагі да сябе самога. Гэта — факт. Па меры павышэння агульнага ўзроўню культуры, адукацыі, чалавек усё больш хоча пачувацца незалежна, свабодна, быць самім сабой, а не прыдаткам ці копіяй некага, а тым больш — нечым слугою. Дык вось гэтак жа ў наш век і цэлыя народы ўздымаюцца да самаўсведамлення сваёй нацыянальнай годнасці, свайго нацыянальнага «я», паўстаюць з невядомасці, з рабства да актыўнай гістарычнай дзейнасці, да ўласнага гістарычнага жыцця. У нашай краіне сапраўдны пачатак гэтаму працэсу паклаў Вялікі Кастрычнік. За апошнія дзесяцігоддзі — не без уплыву, зразумела, вялікага прыкладу сацыялістычнага адраджэння нацый і народнасцей у СССР — адзін за адным вырываліся з ярма каланіялізму і дабіваліся нацыянальнай незалежнасці дзесяткі народаў Афрыкі і Азіі. Сёння ўжо і самыя адсталыя плямёны Цэнтральнай Афрыкі пераходзяць на ўласную пісьменнасць, ствараюць нацыянальную школу, разгортваюць культурнае будаўніцтва, паказваюць свету першыя ўзоры ўласнай прафесіянальнай мастацкай літаратуры. І канечне ж — для ўсіх гэтых маладых дзяржаў, для ўсіх гэтых младапісьменных народаў на сучасным этапе іх гістарычнага развіцця выключнае значэнне мае нацыянальны фальклор, шырэй — нацыянальная мастацкая спадчына. Яны вымушаны — калі яны хочуць свердзіць сябе і запяць «свой пачэсны пасад між народамі» (Я. Купала) — звярнуцца да ўласных вытокаў, да каранёў сваёй радаслоўнай, да ўласнага духоўнага грунту, на якім трэба будавацца, да ўласнай нацыянальнай глебы, на якой трэба сеяць і расціць плён. Але ж гэта значыць — і да фальклору, і, можа, у першую чаргу — да фальклору. Рост нацыянальнай самасвядомасці — гэта ёсць і рост гістарычнай самасвядомасці. Гэта азначае ўсведамленне сваёй прыналежнасці да народа, у якога ёсць свая гісторыя і свая культура, у тым ліку — скарбы мастацтва і паэзіі. Бо толькі такое ўсведамленне дае права заявіць: «Мы былі, мы ёсць і мы будзем». У таго, хто верыць у будучыню свайго народа, непазбежна адкрываюцца вочы на ўсё прыгожае і высокае ў яго гісторыі, жыцці і культуры, на ўсё, што можа яго ўзвысіць у вачах чалавецтва, перад светам. У тым ліку — і на фальклор, бо ў фальклоры — духоўная веліч народа, яго мастацкі геній. Народ, у якога багаты фальклор, незлічоныя скарбы паэзіі — гэта духоўна вялікі народ, у яго невычэрпныя творчыя сілы. І натуральна, што ён імкнецца гэты скарб, гэты жывы мастацкі капітал выкарыстоўваць. У прыватнасці і перш за ўсё — для развіцця прафесіянальнай мастацкай літаратуры, прафесіянальнага мастацтва.