Читать «Талісман» онлайн - страница 97

Ніл Гілевіч

Я ўжо гаварыў, што мы часам некрытычна пераносім нялепшае чужое ў сваю мастацкую гаспадарку. Яшчэ горш, калі чужое выдаем за сваё, прысвойваем. Відаць, добрую сотню разоў слухаў я ў выкананні В. Пархоменкі і А. Казака песню "Серая лашадачка" (гэта значыць, "Сівы конік", або "Сівая кабылка") — і кожны раз горка думалася: ну навошта мы выдаем яе за беларускую? У ёй няма ніводнага беларускага радка! Падкрэсліваю: ніводнага! Прайдзіцеся ад пачатку да канцапа тэксту — пераканаецеся. Думаю, што гэта самая што ні ёсць руская народная песня. Дык чаму так і не аб'яўляць? Хай гучыць, хай выконваецца, песня выдатная, папулярнай стала ў нас, — але навошта яе прысвойваць? Яе трэба выконваць як рускую песню — і значыць па-руску, у рускім вымаўленні. Мы спяваем сотні рускіх песень, ведаючы, што яны рускія і не аб'яўляючы іх беларускімі. Што тут ёсць — у такім прысваенні — небяспечнага? Што тут нядобра і чаму нядобра? Тое, што недасведчаны чалавек слухае падобную "Серую лашадачку" і робіць выснову: ага, песня беларуская, а мова — ні адным радком, ні адным словам не адрозніваецца ад рускай. Усё тое ж самае! Ніякай розніцы! Вось гэта і дрэнна, вельмі дрэнна. Рускі тэкст таварышы вымаўляюць на беларускі лад і думаюць, што пяюць па-беларуску. Гэта — элементарная непісьменнасць, якая, канешне ж, не дапамагае нам у сцвярджэнні сваёй нацыянальнай асабістасці. Значыць, і на такія з'явы трэба абавязкова звяртаць увагу.

На заканчэнне хачу яшчэ раз падкрэсліць: мы павінны не проста цаніць і шанаваць свой фальклор, але і актыўна карыстацца ім як сродкам станаўлення нашай нацыянальнай самасвядомасці — у мэтах Адраджэння Беларусі. Карыстацца так, як патрабуе час і пачуццё прафесіянальнай годнасці.

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЫ

Да пятай гадавіны ТБМ

Дарагія сябры, патрыёты і абаронцы роднага слова! У святочны для ўсіх нас дзень угодкаў Таварыства, разам з вітаннем і віншаваннем, прыміце мой паклон удзячнасці за ўсё, што вы зрабілі і робіце, каб наша слова мацнела, ду жэла і шырылася там, дзе яно яшчэ гучыць нясмела і рэдка, каб яно, у поўнай адпаведнасці з Законам аб мовах і Канстытуцыяй Беларусі, хутчэй уздымалася на дзяржаўны ўзровень і набывала дзяржаўны гарт, каб яно ўсё болын апаноўвала тымі душамі, да якіх раней дайсці не паспела, як і тымі, дзе калісьці жыло, ды было вытраўлена гвалтоўна. Я хачу выказаць пачуццё радасці і гордасці за вас, сапраўдных сыноў і дачок Бацькаўшчыны,каму роднае слова ў сённяшнім смутным часе свеціць як сонца ў тумане, каго не здолелі збіць з дарогі хлуснёй і паклёпамі на нашу мову адкрытыя і замаскаваныя ворагі беларушчыны, хто высока ў душы нясе пачуццё чалавечай і нацыянальнай годнасці, сваю выпакутаваную веру ў шчаслівую будучыню свабоднай і незалежнай Беларусі.

Грамадзянам краіны, якім у свой час не дапамаглі або перашкодзілі стаць патрыётамі мовы нашай зямлі, я хачу ў гэты дзень сказць: зрабіце тое, што вы, не па сваёй віне, не змаглі зрабіць раней: адкрыйце для сябе чароўную красу і сілу беларускага слова, унікніце розумам у невымерныя глыбіні яго сэнсу, услухайцеся душой і сэрцам у дзівосную музыку ягоных гукаў, заслужыце права ўвайсці ў яго высозны векавечны храм, адчуйце радасць далучэння да яго чараў, спазнайце шчасце стаць яго падданым, яго вечным і верным слугою! Зрабіце гэта — і Бог палюбіць Вас!