Читать «Талісман» онлайн - страница 96
Ніл Гілевіч
Ёсць у тэксце гэтай песні і другое скажэнне, якое разбурае паэтычны вобраз. У аўтэнтыку, "а я з сястрою ўсю ноч прастою — не тыя словы, што і з табою''. А з экрану і з эфіру гучыць: "А я з сястрою ўсю жызнь пастрою". Ніякай логікі! I чаму раптам рускае ''жызнь пастрою''? Адкуль узялося? А проста ад няведання палескага дыялекту. Там было — "всю ніч простою"; на слых гэта было ўспрынята як "всю жызнь построю". А трэба спяваць: "усю ноч прастою".
Яшчэ адзін прыклад — таксама досыць папулярная беларуская народная песня "А ў цёмным лесе сава кугіча, а ў чыстым полі муж жонку кліча". Пра што песня? У ёй дасціпна высмейваецца беспадстаўная рэўнасць мужа. Жонка гаворыць: ''А мой міленькі, калі неверыш, — павесь званочак на падалочак: як хто затроніць — званок зазвоніць, а ты пачуеш — мяне ўратуеш". Так у аўтэнтыку. Дасціпна, хораша, чыста. Так спявалася, можа, на адно стагоддзе. Камусьці, аднак, захацелася ўжо ў нашы дні спахабіць і апошліць добрую песню. Дадалі яшчэ адзін куплет: "Званочак звоніць у садзе ля хаты — мужык не чуе, ён глухаваты". Усё, як бачьше, перавернута дагары нагамі, на карысць пошласці. Бо выходзіць, што жонка ўсё-такі гуляшчая, ашуквае мужа, прычым — тут жа, ля сваёй хаты.
І слухачы смяюцца, вітаюць, ухваляюць. На ўзроўні сучаснай маралі, ці што? Без пошласці ўжо не можам? Хто ж ажыццяўляе гэтыя інтэрвенцыі ў песенны тэкст? Выканаўца? Мастацкі кіраўнік?
Вось так мы абыходзімся з фальклорам. Я ўжо не кажу пра адносіны да слова ў народнай песні. Часам — яны самыя непаважлівыя. Пануе абсалютная глухата і няўвага. Між тым, фальклор — культурна-гістарычная спадчына, і ён абараняецца Законам аб культуры як усякія іншыя помнікі культуры. Прыняты закон цалкам адносіцца і да фал ьклору, але, здаецца, нідзе ён так не парушаецца, як у гэтай галіне нацыянальнай культуры.