Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 3

Раіса Баравікова

— Ты мне, Косцік, прасцей растлумач, што да чаго.

Але Пракопчык нічога не стаў тлумачыць:

— Дзядзька Антон, я ўсё сказаў: анамалія! Дык мо якія выпадкі ў наваколлі надараліся?! Што-небудзь незвычайнае. Ну, скажам, штосьці ўзяло i знікла, бы ў ваду боўтнула, з канцамі! Ці, наадварот, з'явілася... Дзіва якое было.

Дзядзька Антон падумаў а потым i сказаў сур'ёзна:

— Анамалію помню. Гадоў шэсць таму назад карова Хведарчукова прапала. Якраз во тут, адбілася ад статка, i не знайшлі! Хведарчук тады ўсё шкадаваў, што не застрахаваў кароўку!

Мой Пракопчык ажно падскочыў:

— Ну, вось бачыце, Адам Нічыпаравіч, было! Карова знікла... У Бермудскім трохкушіку караблі знікаюць, а тут тое, што ёсць. Наш жа трохкутнік на сушы.

Я не вытрымаў, узарваўся, маўляў, толькі не трэба зводзіць усё гэта да глупства. Барані божа, дойдзе якая чутка да Мінска, нас жа навуковы свет проста высмее. Анекдоты ўсялякія пойдуць, смяхоцце, дый толькі! I дзядзька ўзяў мой бок. «Выкінь ты,— кажа,— Косцік, сваю фанеру ў Гальшанку, а чалавеку лепш пра што сур'ёзнае раскажы. Мясціны ў нас цікавыя, ну хоць бы той самы замак..» I прысеў дзядзька Антон на купіну, раз-пораз пазіраючы ў бок статка, каб не адбілася часам якая карова. Мы таксама прыселі. Дзядзька Антон пачаставаўся цыгарэтай, якую я прапанаваў яму.

— Вучоных людзей паважаю,— сказаў— Сюды многія даўно ўжо прыязджаюць. Я не далей як учора гісторыку аднаму расказваў i вам раскажу. Калісьці ад старых людзей сам чуў. Вунь,— паказаў на рэшткі замка,— разваліны, заняпад. А пачалося здавён. Князь Сапега тут гаспадарыў, ягоны палац быў. Дык, значыцца, будавалі гэты мур, ужо ледзь не да канца дайшлі, а князь тэрмін пэўны вызначыў I тут раптам сцяна адна пачала бурыцца. Абвальваецца, рады ніхто не можа даць, як ні стараюцца муляры ды тынкоўшчыкі. Але вось старац нейкі аб'явіўся дый кажа таму майстравому люду: «Мне знаменне было. Сцяна будзе абвальвацца, пакуль ахвяры не атрымае». I патлумачыў, што трэба некага забіць, i найлепш жанчыну, ды i ўмураваць яе пад сцяну. Задумаліся майстры i вырашылі, што іншага выйсця няма, хай будзе так, як падказаў старац, калі ўжо знаменне было. I пачалі ламаць галаву, хто ж гэта можа быць, якая жанчына? Няпроста божаму чалавеку ўзяць на сябе такі грэх. I зноў падказаў той старац: маўляў, чыя жонка першая прынясе заўтра полудзень, тую i заб'яце. I вось назаўтра прыходзіць тая першая, маладзенькая ды прыгожая, жонка самага маладога муляра... Ат, што адбылося далей, i расказваць не хочацца. Адным словам, яе i ўмуравалі. Сцяну залагодзілі, толькі ж не было вялікага шчасця ў гэтым муры нікому. Ды i сам род Сапегаў звёўся.— I ўжо праз паўзу дзядзька звярнуўся да мяне: — Бачу, не да душы вам прыйшлося маё паданне.