Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 2

Раіса Баравікова

Я чалавек на пад'ём лёгкі. Як вырашыў, гэтак i зрабіў. Да Гальшанаў дабірацца няцяжка, наваг не тэлефанаваў Пракопчыку, як снег на галаву абрынуўся, на вялікую радасць апошняму. I вось ужо сядзім на верандзе ў хаце ягоных бацькоў на Ашмянскім тракце... Маці, такая мілая гаспадыня, завіхаецца; бацька, як той спраўны шляхціц, на размовы сур'ёзныя паварочвае, а Пракопчык ажно з сябе выходзіць. Ужо нейкія там грунтвагі падрыхтаваў i прыспешвае, маўляў мы за гэты стол як мае быць вечарам засядзем, а цяпер хутчэй пойдзем! Ну i пайшлі...

— Даверлівы вы чалавек, спадар прафесар,— скептычна паморшчыўся малодшы навуковы супрацоўнік Няхайчык.—Ды калі б i сапраўды якая анамалія... Няўжо б стагоддзі нейкага там аспіранта Пракопчыка чакалі?! Ужо ўсё даўно было б адкрыта, выяўлена i не адна дысертацыя на той анамаліі абаронена!

— Э-э, не скажыце,— запярэчыў Пінчук,— Там сапраўды штосьці ёсць, загадка вялікая. Гэта яшчэ трэба даследаваць, але цяпер гаворка зусім пра іншае, усё павярнулася такім неверагодным чынам...— Ён глынуў мінералкі, пасміхнуўся не без іроніі,— Карцінка была маляўнічая, уявіце, я даўгалыгі, а Пракопчык кругленькі. Ён на плячах кавалак фанеры цягне, да калка прыбіты: «Гальшанскі трохкутнік». Кажу яму: «Косця, не прымушай людзей азірацца, а то яшчэ следам хто пойдзе». Праўда, за намі ніхто не пайшоў а вось калі ўжо спусціліся ў нізінку, пакінуўшы за сабою i замак той самы Гальшанскі, i рэчку Гальшанку...

— Ну, a ў замку вы былі, Адам Нічыпаравіч? — пацікавілася дацэнтава жонка.

— Калі ж было паспець? Ды i ад замка там амаль нічога не засталося. Вядома, можна было пахадзіць па руінах, але потым ужо было не да гэтага. Хацелася як мага хутчэй выбрацца з тых Гальшанаў — вось як усё склалася... Дык, значыцца, убівае ў зямлю калок з фанерай Пракопчык, а тут дзядзька да нас падыходзіць, пастух вясковы, i статак яго блізенька.

«Гэ-эй, Косцік,— кажа,— руку хачу паціснуць прыезджаму чалавеку»,— а сам на фанеру касавурыцца. Пракопчык, вядома, нас пазнаёміў i тут жа такое распавёў, што я анямеў. Маўляў, хутка нашыя Гальшаны на ўвесь свет праславяцца! Як пра тыя Бермуды гаварыць i пісаць паўсюль будуць, таму што, па ягоных прыкідках, неверагодна, але факт, у нейкай пакуль невядомай кропцы адбылося скрыўленне прасторы i часу. Іначай, назіраецца той самы прасторава-часавы кантынуум, згорнуты ў стужку Мёбіуса. Во як загнуў! Я быў ашаломлены, а дзядзька нічога сабе, нібыта ён усё жыццё адно што пра стужку Мёбіуса i чуў, толькі сказаў: