Читать «Каханне (Кніга лірыкі)» онлайн - страница 33

Раіса Баравікова

РОЗНЫЯ ДУМКІ Ў РОЗНЫ ЧАС

* Надрыў, адчай — усё глыбей... Заместа літасці — папрокі... Старэю. Пачаліся ўцёкі, куды найдалей... ад сябе. * Ты сваю радасць не ўпасеш, але ў адчаі ці на ўздыме заўсёды лепшае нясеш нябозе, дзецям i радзіме. * Ёсць месца ўдачы i бядзе, а шлях зямны, ён не бясконцы, i покуль жывы ўсе ідзем з начы насустрач свайму сонцу. * Ізноў Турэччына... Мяжа... Камечу ў одуме пальчатку. Дзе пачала хварэць душа, пачну адтуль усё спачатку...

САЛАМЕЯ ЗАПІСВАЕ Ў ДЗЁННІК

Быццё — прастора тлуму,— не графа, дзе ні адзнакі добрай, ні памаркі, гарэм твой — неба ночы, Мустафа, дзе заміж зорак — цьмяныя агаркі... Ды ёсць адна, бы вечар без цямна, яна — твае шалёнае гарэнне, i боль, i асалода, i натхненне, жыццё тваё i смерць твая яна. Я — лекарка, сляпым нясу святло, была пры ім i богам, i ахвярай, твой пацалунак для яе, як кара, абдымак твой, як ластаўцы сіло. Пад сонцам грэшным можна жыць з ілжы, пад сонцам ясным — толькі з думак чыстых, i я сказала: «Родная, бяжы — няможна ў свет,— да хваляў серабрыстых...» А чым яшчэ магла я памагчы? Хоць знаю, ятаган няўмольна гостры, з вачэй яе зняла радно начы, цяпер, султан, чакаю тваёй пометы...

СОН САЛАМЕІ

С а л а м е я Як дзіўна, я — ў былым забытым доме. Вунь столік мой, вунь крэсла... ў сэрцы — мір. (Замірае.) Падман?! Ды не!.. Стаіць нехта ў праёме дзвярэй... I ўжо ідзе... (Вельмі спалохана.) Сюды ідзе Гальпір! Паўза. Схавацца? Збегчы? Па мяне, няйначай, ідзе... Не падыходзь, Якуб, ты — страх! Г а л ь п і р Няпраўда, я даўно цябе не бачыў i вось прыйшоў пад наш старэнькі дах. Я знаў — ты тут, я не з благім намерам, не бойся... Лепш прысядзем да стала... Зноў пахнуць валасы твае аерам, ракою... Ты такая ж, як была. С а л а м е я ( здзіўляецца ) Была?.. Я — ёсць... Г а л ь п i р (з сумам) Ты — ёсць i доўга будзеш... У гэтым доме госць часовы — я! Прачнешся i начное ўсё забудзеш, спакойнай стане зноў душа твая. С а л а м е я Спакойнай?.. Ты гаворыш з дзён былых, ім аніколі ўжо не паўтарыцца, ці знаеш ты, як можна на крутых шляхах на камянях душой разбіцца? Г а л ь п i р ( пранікліва ) Я знаю ўсё... Таму я сёння тут... Сам чалавек — віна сваіх пакут, табе патрэбна сэрцам адагрэцца. Спынілася б... Адкрыла б лазарэт... С а л а м е я Якуб, я лазарэтам бачу свет,— хто хворы на сумленне, хто на сэрца... Г а л ь п i p Няпраўда, ты не думает пра час... Свет — міг жыцця, i гэты міг салодкі, я колісь многа горычы адпас, яе не помню, знаю — век кароткі... Задумайся. С а л а м е я Хвалюешся дарма. Жыву былым, цяперашнім i дальнім, i анідзе няяснасці няма, мо толькі над каханнем ёсць пытальнік. Г а л ь п i р Каханне... На яго яшчэ ляціш i кожны раз ратуешся ва ўсхліпе! Якой жа думкай зараз ты гарыш? С а л а м е я Я думаю паехаць у Егіпет, пасля... дамоў, дзе паляваў на звера калісьці ты, a выгледзеў мяне, ты помніш, ля ракі на валуне... Г а л ь п і р I пахлі валасы твае аерам...