Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 11
Ніл Гілевіч
— А я хачу з табой! — цвёрда і голасна заявіла Ніна. — Я не хачу асобна!
Ліпа яшчэ раз правяла рукой па вачох, крыху павярнулася да Ніны і спакойна, разважліва — яна любіла гаварыць разважліва, як сталая паважная жанчына — сказала:
— Вот ты яшчэ малая і не разумееш. Мама і тата развяліся. А нас падзялілі. Мама ўзяла мяне, а тата — цябе.
— Як гэта — развяліся? — зноў не зразумела Ніна, бо і пра тое, што таты і мамы разводзяцца, яна таксама ніколі не чула. У вёсцы людзі не разводзіліся — сварыліся, нават біліся, але не разводзіліся.
— Ну развяліся, гэта значыць, тата і мама ўжо разам жыць не будуць. Паасобку будуць. Мама сказала, што тата схадзіў у сельсавет і аформіў развод.
«Аформіў развод» — паўтарыла ў думках дагэтуль незнаёмыя ёй словы Ніна.
— А чаму яны развяліся?
— Не ведаю... Можа, пасварыліся. Цётка Вульляна сказала, што тата моцна пакрыўдзіўся на маму. А за што — не ведаю.
Ніне стала надта горка і тужліва. Апусціўшы вочы, яна глядзела ў адну кропку — на самую вялікую ў вянку кветку, у сяродачку якой нерухома сядзела невялічкая, з бліскучымі крылцамі, мушка.
— Ліпа, а чаму мама і мяне не возьме? — спытала ціхім, прыдушаным голасам Ніна.
— Чаму? Таму што тата сказаў: Ніну не аддам.
— Ліпачка, я хачу быць з табой, Ліпачка, родненькая, я хачу быць разам, — ужо захліпаўшы, запрыказвала Ніна і, забыўшыся на вянок, абхапіла Ліпу за шыю рукамі, прыціснулася галавой да яе галавы і зайшлася плачам — горкім-горкім, з доўгім жаласлівым завываннем. Не стрывала, заплакала, прытуліўшы Ніну да сябе, і Ліпа, але — зусім ціха, без голасу, адно шморгаючы раз-пораз носам.
Калі недаплецены вянок зваліўся з каленак долу, на зямлю, — Ніна не адчула і не заўважыла.
Так іх і застала на ганку маці — прытуленых адна да адной, заплаканых, гаротных. Глянула — і ўсё зразумела: дочкі ведаюць, што адбылося. Жанчына яна была валявая, рашучая, шмат гаварыць не любіла.
— Ну, вось што, мае дзеткі: падрасцеце — тады і разберацеся ва ўсім самі, чаму так здарылася. А цяпер слухайце. Падвечар мы з табой, Ліпа, пойдзем на станцыю, а адтуль — цягніком у Віцебск, пажывём крыху там, у сваякоў. Ты, Ніна, застанешся тут, з татам, а пасля паедзеш з ім кудысьці аж за Сянно, ці за Чашнікі, — добра не ведаю. Будзеш з ім. Калі-небудзь я цябе забяру, а пакуль... Так трэба, дачушка.
Сказала строга, суха, жорстка — і пайшла ў хату. Паднялася і моўчкі пайшла за ёй Ліпа.
Прыбітая горам, падрэзаная крыўдай, спаралізаваная ад роспачы, Ніна засталася на прыступцы ганку. Сядзела і глядзела долу, на свой першы вянок для мамы, які так і застаўся недаплеценым.