Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 33

Ніл Гілевіч

— Маня! Пачакай!

Маня спынілася і азірнулася. Цалавек загрэбваў перад сабой рукою — зваў жанчыну вярнуцца.

— Хадзі сюды, Маня!

Трохі здзіўленая і насцярожаная, бо — навошта яна гэтаму старому цяжка хвораму чалавеку, Маня падышла.

— Гэта твая дачушка — у шэрым сарафанчыку, з грыўкай, як у мальца? — спытаў, хоць ужо ведаў, што Маніна, Антось. Спытаўтакім тонам, які зусім не абяцаў нейкую прыемную навіну.

— Ну, мая, — яшчэ больш насцярожылася жанчына і ўжо памкнулася ўдакладніць — «што, утварыла нешта?» — але Антось апярэдзіў:

— От жа разумная дзевачка! — сказаў, хітаючы галавою. — Якая разумная дзевачка!

Маня аж разгубілася ад нечаканасці і не ведала, як на гэта азвацца: ну не хваліць жа сугалосна з ім сваё дзіця!

— А дзе вы яе бачылі? — спытала.

— Заходзіла сюды, у двор, глядзела, як я кошык пляту. Знаеш, Маня, ты ўжо як сабе хочаш, але я і для яе кошычак зроблю. На ягады, беленькі, з карэньчыкаў...

— Ды што вы, дзядзька Антось! Не трэба! — запярэчыла Маня. — Яшчэ вам не хапала клопату!

— Не, не! Ты ўжо, гэта самае, не супорся. Я ж не за плату, я проста ў падарунак, — удакладніў Цалавек. I яшчэ раз у шчырым захапленні паўтарыў:

— Якая разумная дзевачка!

Маня не стала дапытваць, чым яе меншая гэтак расчуліла старога чалавека, але дадому ішла, сама сабе ўсміхаючыся. «Разумная дзевачка! Можа, і разумная...»

Павадырка сляпога старца

Любімае месца для забаў і гульняў мурожніцкай малечы — сухі, утравелы грудок на беразе возера, там, дзе ў яго ўпадае нешырокая, метры на паўтара, рэчачка Калпеніца. Людзі, якія ідуць берагам возера да мястэчка, пераходзяць Калпеніцу па кладцы — доўгай, трохі выгнутай пасярэдзіне дошцы, прыкметна выбеленай за доўгія гады дажджамі і сонцам. Кіламетры за два ўбок ад возера ёсць дарога на мястэчка, і там Калпеніцу пераходзяць уброд, скінуўшы, вядома, абутак. Але гэта ўсё ж далекавата, і ўсе, хто хоча мець выйгрыш у часе, ходзяць тут, карыстаюцца кладкай.

Ніне гэта мясцінка падабаецца таксама. Па-першае, возера, з водмеллю, дзе можна было смела пялёхацца, — хлапчукі сюды не прыходзілі, яны любілі купацца на глыбокім, а гэта нашмат далей, па той бок Калпеніцы. Па-другое, надта Ніне падабаецца сама рэчачка; сядзе на кладку, ногі спусціць да вады і глядзіць, як вада згінае і калыша каля берагоў доўгія наемы травы, як імпэтна слізгаюць па паверхні вадзяныя «конікі», як часам чорным ценем мільгане ад берага да берага рыбіна, — няйначай шчупачок. Можа доўга-доўга сядзець яна гэтак і думаць пра нешта сваё, пакуль іншыя дзяўчынкі ладзяць вясёлыя гульні — скачуць, куляюцца праз галаву, бегаюць у перагонкі, круцяць «мяцеліцу», ці дастаюць з возера, з трыснягу, чорныя «калатоўкі» — надта ж прыгожа глядзяцца яны дома ў збанку, асабліва сярод высокіх, з буйнымі каласамі, каліваў жыта.

Летняй парой дзеці звычайна ішлі сюды паснедаўшы — калі, вядома, не зваблівала якая іншая прынада ці забава. Пасля сняданку — сопкай, разварыстай бульбы з кіслым малаком — прышла, як заўсёды, і гэтым разам Ніна. Дзяцей было яшчэ няшмат — толькі тры ці чатыры дзяўчынкі, якія прыдумалі сабе новую забаву: прайсці па кладцы туды і назад, заплюшчыў-шы вочы. Адна ідзе, а астатнія пільна сочаць з берага, каб не падглядала. Калі ў якое хоць чуць-чуць прыадплюшчацца павекі — усё, незалік, у гэтым туры — пройгрыш. Яшчэ мела значэнне і тое, як хутка — паволі ці шпарка — праходзіш па кладцы. Самыя нясмелыя, баючыся, каб не страціць раўнавагу і не зваліцца ў ваду, ішлі зусім паціхеньку, балансуючы пры гэтым раскінутымі рукамі. Ніне гульня спадабалася, і яна з кожным разам перамервала кладку ўсё больш упэўнена і шпарчэй. Раптам меншая з дзяўчынакІрка спалохана закрычала: