Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 32

Ніл Гілевіч

— Ды наседзеўся... Сёння, можна сказаць, нічога і не робіў такога. У пуні трохі парадкаваў, азярод падрамантаваў — адну жэрдку заклініць прыйшлося, рассохлася...

Тым не менш, дзед Павал спаважна ўсеўся на калодку. Старыя гутарылі, зусім не звяртаючы ўвагі на трох басаногіх пігаліц.

— Адкуль жа будуць сілы, калі амаль нічога не ем, — скардзіўся сябру Антось. — Што ні паставіць Грыпіна — нічога ў рот не лезе. От і цяпер: чую, што есці хочацца, смокча, а што я з'еў бы — не ведаю. Ні тых буракоў не хочацца, ні таго халадніку, ні той груцы... Ні бялёнага, ні затоўчанага... Што б я з'еў, каб усмак, каб хацелася — не ведаю...

I раптам — нягучны, чысты дзіцячы голас, ды такі спагадлівы, такі добры, шчыры:

— Дзед, а ці з'еў бы ты цяпер каўбасы? Іншай болынай смакаты, як каўбаса, Ніна ўспомніць не магла. О тая духмяная, мяккая, з чыстага мяса каўбаса, што тата прывозіў з Віцебска! Ды яшчэ з белымхлебам, таксамавіцебскім, калачом называўся. Во было тады радасці ў хаце! Успомніла — і аж у самой юркаўкі пайшлі за язык, пачала глытаць іх.

Дзеда нібы штось тузанула знутры. Пальцы перасталі цягнуць корань і замерлі на недаплеценым «розе».

— О, каўбасы я цяпер з'еў бы! О, каб мне цяпер каўбасы! — выгукнуў ён і, падціскаючы вусны — у шкадаванні, што яе няма — заківаў галавою. — Каўбасы то я, пэўна, з'еў бы!..

Толькі пасля гэтага ён глянуў на дзяўчатак: а хто ж гэта сказаў, хто гэтак умасціў яму? Крыху паперадзе сябровак стаяла Ніна — на ёй і спыніў ён пагляд бляклых, выцвілых, некалі сініх вачэй.

— Гэта ты сказала?

— Я, — кіўнула галавой Ніна.

— Вот разумная дзевачка! — пахваліў Антось. I прыгледзеўся: — А чыя ж гэта ты будзеш? Нешта я цябе як бы не бачыў у нас, во тых жа дык я бачыў, ведаю...

Заместа Ніны голасна залапаталі наперабой «тыя» — Клаўка і Верка.

— Гэта цёткі Мані Ніна!.. Яна тут два гады не жыла!.. Яна нядаўна тут. Жыла недзе з бацькам, а цяпер вярнулася...

— А-а-а, гэта Маніна! — нібы ведаў і ўспомніў забытае Антось. — Я чуў, казалі, што Кавалёва кінутуюдачушку прывяла... Дыкгэта ты, значыцца? Вот разумная дзевачка! Разу-у-умная! — яшчэ раз пахваліў, хітаючы галавой, хворы дзед.

Але ў Ніны імгненна сапсаваўся настрой: балюча кальнула ў сэрца слова «кінутая», якім яе дапякала ў Замчышчы мачыха. Яго было няўсцерп слухаць: кожны раз забівалася ў куток і ціхенька хліпала ў нос ад крыўды. Відаць, баючыся, што дзед яшчэ можа нешта сказаць непрыемнае, павярнулася і ціха кінула сяброўкам:

— Хадземце!..

Вечарам, ужо калі села сонца, стары Антось стаяў, аблёгшыся грудзьмі на вароты, і глядзеў у канец вуліцы, адкуль унук Толік павінен весці напасвеную Субоню. Аднаго, «агульнага» пастуха, як было да вайны, пры калгасе, цяпер у Мурожніцы не наймалі — кожны сваю карову пасвіў сам. Стары ведаў, што Толік будзе на пашы аж да шарай гадзіны, калі пачынае садзіцца раса і каровы надта смачна скубуць, і гэта цешыла дзеда: добры гаспадар расце, малы, а разумее, бач, і клапоціцца. Вось і жанчыны з сярпамі ідуць купкай — таксама не спяшаліся пакінуць постаці на загонах, — хочуць хутчэй, пакуль стаіць пагода, закончыць жніво. Сярод жней Антось убачыў і Маню Кавалёву. Калі жанчыны, даўшы яму «добры вечар!», ужо прайшлі міма, стары, бы схамянуўшыся, гукнуў: