Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 2
Ніл Гілевіч
Цяпер трэба сказаць і вось што. Вядома, што калі нехта вельмі рана звечара кладзецца спаць, то ён і ўстае назаўтра вельмі рана. Такіх людзей за гэту іх прыродную рысу называюць «жаўранкамі». А тых, што наадварот — вельмі позна кладуцца і позна ўстаюць — завуць «совамі». Ніна, такім чынам, была «жаўраначкай». Бывала, яшчэ толькі-толькі наступае раніца, яшчэ і сонейка не заглянула ў вокны і ў хаце ўсе спяць — і мама, і тата, і старэйшая сястра Ліпа, — а Ніна ўжо прачынаецца і пачынае варушыцца ў сваім невялічкім металёвым, з мяккім ватнім матрацам, ложку. Выслабаніўшы з-пад коўдры руку, яна водзіць пальчыкам па абклеенай шпалерамі сцяне — па вузенькай хвалістай цёмна-жоўтай палосцы, якая здаецца ёй дарожкай. I пачынае ціхенька, сама сабе, спяваць завучаную ад бабулі песеньку:
Ніна ведае, што скора прачнецца і мама, устане і пойдзе даіць Рабоню. Гэтага Ніна і чакае. Ранішні сырадой ёй здаецца яшчэ смачнейшым, чым перад сном вячэрні. I мама нарэшце ўстае, выходзіць у пярэдні пакой, нешта там трохі робіць, а тады Ніна чуе, як яна бразнула даёнкай і пайшла з хаты. Ну, значыць, скора — вось-вось! — мама налье ёй кубак яшчэ пеннага, цёплага, пахучага сырадою. А Кіцю — у сподачак. Звычайна Ніна чакала гэтага пачастунку ў пасцелі — мама падавала ёй кубак і стаяла побач, пакуль яна не вып'е. А іншы раз ёй здавалася, што мама занадта там марудзіць, і яна саскоквала з ложку і выбягала ў першую палавіну хаты сама.
Аднойчы сталася так, што Ніна прачнулася, можа, трохі раней, чым звычайна, і праспявала ўсе свае любімыя песенькі, а мама ўсё не прачынаецца, не ўстае. Мамін ложак стаяў упрытык да Нінінага, узгалоўем да ўзгалоўя, і Ніна скінула з сябе лёгкую байкавую коўдру, прыпаднялася, потым стала на каленкі, узялася за верх металёвай спінкі, трохі перагнулася праз яе, каб убачыць мамін твар: няўжо яна яшчэ спіць? — і нягромка, але надта ж прачула-пяшчотна папрасіла: