Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 13
Ніл Гілевіч
— Бяжы, коцічак, бяжы! — пусціла Вурку з рук Ніна. — Мне трэба клункі хаваць ад дажджу, бяжы!
Першым, вядома, Ніна занесла пад страху свой хатулёк. Потым учапілася абедзвюма рукамі ў хатуль з бацькавым адзеннем — і, на дзіва сабе, скранула з месца і, напінаючыся з усіх сіл, пядзі дзве працягнула, потым яшчэ пядзі дзве — і задыхалася. Села на хатуль і заплакала — ціха, горка, жаласна. На шчасце, кроплі з залётнай хмаркі сыпацца перасталі. Сціхла і іх шумнае лопанне — і на падворку, і ў агародзе, на градах. А пачулася тарахценне калёс. «Тата едзе, тата!» — узрадавалася Ніна і выбегла за вароты. Так, гэта быў тата, і з ім малады мужчына — возчык, які пагоніць падводу назад. Тата схапіў малую пад пахі і пасадзіў у калёсы на пульхнае свежае сена.
— А клуначак мой, тата! Я вазьму клуначак!
— Я сам прынясу, сядзі. Усё прынясу сам, не хвалюйся. Усё будзе добра, Ніначка, усё будзе добра!..
«Рыцар» Гамзук
Новае месца працы Нінінага таты — сямігадовая школа ў Замчышчы. Дзяцей у школе шмат, бо сюды ходзяць і вучні пятых-сёмых класаў з суседніх вёсак, дзе школы толькі пачатковыя. Іван Рыгоравіч з Нінай сталі на кватэру да старой, даўно аўдавелай бабулі Хрысціны. Хата невялікая, але — на дзве палавіны, у другой, як тут гавораць, «чыстай», і пасяліўся новы настаўнік. Баба Хрысціна — кабеціна негаваркая, норавам — строгая, любіць парадак, каб усё было дагледжана, прыбрана, вымыта, у яе нават мянушка не якая-небудзь крыўдная, а ганаровая — «чысцюля». Ніне чысціня і парадак падабаюцца, яе мама таксама за гэтым вельмі сачыла. Але кепска тое, што баба Хрысціна не дазваляе Ніне вадзіць у хату дзяцей — як яна кажа: «міндрыцу». У самой яе ўнукаў няма і яна, відаць, прывыкла да спакойнага, ціхага жыцця, — калі ніхто не замінае і не дурыць галаву. Ну і з-за гэтай самай чысціні і парадку: там, дзе збіраюцца на свае забавы малыя дзеці — там будзе шурум-бурум, а не парадак. Тата наконт гэтага строга папярэдзіў і патлумачыў чаму: баба Хрысціна — старая і хворая, ёй патрэбна цішыня, дык ты ўжо глядзі, Ніначка, а то давядзецца шукаць другую кватэру.
Вось і атрымалася, што з новымі сябрамі Ніна можа сустракацца для гульні-забавы толькі на вуліцы або ў хаце якой-небудзь дзяўчынкі. Можа, з гэтай прычыны, што часта даводзіцца быць дома адной, Ніна дужа ўцягнулася ў чытанне кніг. Хоць вучыцца яшчэ толькі ў другім класе, а чытае ўжо зусім бегла, хутка, і кнігі ў школьнай бібліятэцы мяняе вельмі часта — настаўніца-бібліятэкарка аж дзівіцца: «Калі ты іх паспяваеш прачытваць, Ніначка?» Кнігі асабліва любіць тыя, у якіх расказваецца пра горкае, гаротнае жыццё дзяцей — хлопчыкаў і дзяўчынак. Некаторыя з іх, як «Нэллі і Патраш», прачытала па два-тры разы, і так перажывала за дзевачку і сабачку, так ёй было іх шкада, што аж слёзы да воч падступалі.
Зіма тым годам выдалася лютая — мароз даходзіў да 35-40 градусаў. Вясной людзі ўбачаць, што амаль усе дрэвы ў садах — і яблыні, і грушы, і слівы, і нават вішні — вымерзлі. Гэта была тая самая зіма, калі супраць нашай краіны, тлумачыла ў школе настаўніца, павялі вайну «нягоднікі-белафіны». Таму жыхарам Замчышча яна запомніцца не толькі небывалым холадам, але і першай ахвярай вёскі богу вайны: дзесьці там, у заснежаных лясах за Карэльскім перашыйкам, загінуў ад кулі фінскага снайпера сын старшыні калгаса, і ў вёсцы пра гэта шмат гаварылі. А Ніна ўсё распытвала тату, чаму тых нягоднікаў-снайпераў завуць «кукушкамі», бо ведала, што «кукушка» — гэта зязюлька, — самая сумная з усіх птушак, чые галасы Ніна чула, і ёй не падабалася, што такім прыгожым імем называюць забойцаў.