Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 12
Ніл Гілевіч
* * *
— Ну, дачушка, хвілін праз дзесяць ад'язджаем, — сказаў, зайшоўшы ў хату бацька. — Давай вынесем рэчы ў двор, каб усё было напагатове, ты пасядзіш, пачакаеш, а я схаджуда сельсавета і прыганю падводу, яна ўжо там. Паедзем на добрым сельсавецкім кані, да вечара і на месцы будзем.
Бацька вынес спачатку ладны пузаты куфэрак, напакаваны кнігамі, падручнікамі, сшыткамі і розным школьным прычындаллем, потым — набіты пасцельнымі рэчамі мяшок, нарэшце — вялікі, звязаны накрыж чатырма рагамі хатуль, у якім, ведала Ніна, татава адзенне: зімовае і асенняе паліто, касцюм, кашулі, бялізна і абутак — боты, чаравікі... Ніна свой хатулёк вынесла сама — ён быў невялікі і не цяжкі: пальтэчка, сукеначка, сарафанік, спаднічка, кашулька, з абутку — валёначкі з галошамі ды сандалікі. А яшчэ — яе любімая шапка-вушанка, як у хлопчыкаў.
— Сядзь на мяшок і чакай, Ніначка. Усё будзе добра, не бойся, мы з табой не прападзём, — усміхнуўся Ніне тата, нават падміргнуў весела і пайшоў з двара — высокі, плячысты, стройны, паходка лёгкая, імклівая. Вельмі падабаўся Ніне тата, — такі прыгожы, такі разумны... I мама такая прыгожая... Чаму ж яны гэтак моцна пасварыліся?
Ніна села, як загадаў тата, на мяшок і зноў задумалася пра ўсё тое, што так нечакана здарылася ў іх сям'і. I куды яны з татам паедуць? I як яна там будзе жыць — без мамы, без Ліпы? I без сваіх сябровак? А якая там школа і якія дзеці? Ці падружацца яны з ёю? Трывожна і страшнавата.
Падышоў і стаў зусім блізка агніста-чырвоны певень, павярнуў галаву і глядзіць на Ніну зыркім круглым вокам, нібы дзівіцца: чаго яна тут сядзіць, пасярод двара? Гэта певень іх суседкі, бабы Грыпіны, Ніна з ім знаёма даўно, у іх — дружба, колькі разоў яна сыпала яму круп, употайкі ад мамы, і цешылася, што ён не пачынае сам дзяўбці, а кліча на пачастунак курачак...
— Пеўнічак! Пеўнічак! — ласкава загаварыла да яго Ніна. — Ужо мы расстанемся з табой, пеўнічак. Ужо я паеду адгэтуль, далёка паеду, а куды — не ведаю... Я там буду цябе ўспамінаць, пеўнічак...
Певень пастаяў, пачакаў і, зразумеўшы, што пачастунку не будзе, паважна-ганарыста пайшоў углыб двара. А можа, таму, што ўбачыў ката Вурку, які таксама завітаў у двор. Як бы для праводзінаў ці што? — бо нават мяўкнуў да Ніны, і ўскочыў на мяшок, і ахвотна пайшоў да рук дзяўчынкі. Дзіва што! Не злічыць, колькі разоў ён сядзеў у яе і на падоліку, і на плячы, тручыся аб шчаку і вуха, і колькі разоў быў узнагароджаны за службу якой-небудзь смакатой! Як і певень, гэты чорны, увесь чорны — з бліскуча-жоўтымі вачыма — прыгажун быў пестуном бабы Грыпіны.
— Коцічак! Міленькі мой коцічак! Ну хадзі ж развітаемся, хадзі! — Ніна ўзяла Вурку ў рукі, пасадзіла на прыпале і пачала лашчыць свайго даўняга сябра па галоўцы між вушэй, па шыйцы, па спінцы. — Паеду я ўжо, коцічак, паеду, далёка паеду, а куды — і сама не ведаю. Там я буду сумаваць па табе, коцічак...
Можа б, Ніна размаўляла з ім і даўжэй, але — во неспадзяванка: запырскаў дождж — рэдкімі буйнымі кроплямі залопаў па двары, па шырокім лісці агурэчніку за парканам. Малая ажно трохі спалохалася: ну трэба ж! А мяшок? А клунак? I адкуль узялася гэта сівабурая хмарка? Было ж такое чыстае, блякла-блакітнае, выцвілае ад сонца неба!