Читать «Добры анёл беларускасці (Штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч)» онлайн - страница 42

Ніл Гілевіч

Яе сумленнасць была проста унікальная, як і яе прыродная сціпласць, — і адно, і другое ёсць праўдзівыя адзнакі высокай унутранай культуры. Яе ўменне заўсёды і ўсюды трымацца з годнасцю, паважна, немітусліва некаторыя прымалі за ганарлівасць — і моцна памыляліся. Ганарлівыя і пыхлівыя так не трымаюцца ў грамадскім побыце, як трымалася яна. Падам толькі два красамоўныя прыклады. Як вядома, у распараджэнні кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў была дзяржаўная аўтамашына «Волга». Дык вось за дзевяць гадоў маёй працы першым сакратаром СП Ніна Іванаўна ніводнага разу (падкрэсліваю: ніводнага) не пакарысталася гэтым транспартам, як гэта рабілі жонкі іншых чыноўных мужоў. «Нізашто! — заявіла мне адразу ж. — Каб пайшлі. размовы, што Плевічыха ляпае дзверкай службовай «Волгі»? Нізашто! Абыдуся. Ты не для таго пайшоў на працу ў СП, каб даваць зачэпку для плётак». Другі прыклад. Усе тыя гады пры Доме літаратара працаваў гэтак званы «Стол заказаў», у якім пісьменнікі раз у тыдзень маглі купіць мясныя ці рыбныя прадукты (зусім звычайныя, дарэчы, зусім не далікатэсы, — так «багата» жыла краіна!). Толькі два ці тры разы за дзевяць гадоў Ніна Іванаўна дазволіла мне пакарыстацца тым «сталом» — у нейкіх экстрэмальных сітуацыях (раптоўныя замежныя госці). «Абыдземся. Буду ездзіць на рынак, мама іншы раз з'ездзіць (а маме — семдзесят пяць. — Н. Г.). Затое не будзе плётак, што ты купляеш там лепшае, чым іншыя. Мне твой аўтарытэт даражэй за ўсё». Кажу: «Ніхто ж не паверыць, што я не карыстаюся...» — «Павераць».

Амаль неверагодныя прыклады згадваю, але — так было. Так была выхавана і такой маралі трымалася яна. Да гэтага часу не магу без усмешкі ўспамінаць, як Ніна Іванаўна пагнала мяне на пошту — адправіць пераводам аднаму майму земляку дваццаць рублёў — столькі тады каштаваў паўлітровы слоічак мёду. Ніна Іванаўна прыйшла з працы і ўбачыла той слоічак на стале. «А гэта што? Адкуль?» — «А гэта... заходзіў зямляк, яго дачушка паступае да нас вучыцца... Сказаў: проста як гасцінчык з водарам роднай зямлі, як прывітанне...» Ой, што з ёю сталася! Праз тры хвіліны я ўжо джгаў на пошту—разлічыцца за мёд, які мы ў земляка купілі. «Ніхто не павінен западозрыць ні цябе, ні мяне ў хабары — нават у самым дробным!»

Цяжэй заўсё перажывала Ніна Іванаўна прыніжэнне яе чалавечай годнасці. Калі такое здаралася — гэта было для яе нясцерпнай пакутай. Помню, сказала: «Хіба ты не зразумеў, што я вельмі ранімая? Я страшна ранімая! Адзін Бог ведае, як мне баліць».