Читать «Добры анёл беларускасці (Штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч)» онлайн - страница 41

Ніл Гілевіч

Калегі і сябры, якія ведалі пра яе вось такое «прыцэльнае» ўменне чытаць мастацкія творы, здольнасць узброіцца, такбы мовіць, «класічным смехам», аддавалі ёй належнае і ў сяброўскай грамадзе (у застоллі, на кафедры) як правіла ўжо чакалі ад яе ці дарэчы згаданай вясёлай іранічнай цытаты ці яе ўласнага, часцей — менавіта ўласнага, досціпу. Часам і нягрубай, някрыўднай сяброўскай «падкалупкі».

«ДАРАГІ МОЙ НІЛ!»

У прадмоўцы да кніжачкі лірыкі «I плямы на табе няма» я з усёю шчырасцю прызнаюся: «Калі б не яна, я не зрабіў бы і палавіны таго, што зрабіў — і ў літаратуры, і ў навуцы, і ў грамадскай чыннасці». Гэта сапраўды так. Паверыўшы ў сваё сямейнае шчасце, яна ад першых дзён замужжа пачала браць на сябе амаль усе клопаты па доме — каб даць як мага больш часу мне на творчыя і грамадскія справы. Яна не адразу і не так хутка, але паверыла, што яе лёс — гэта ён, яе паэт, значыць — і ягоны лёс, яго жыццё, яго ўзыход да наканаванага. I паверыла яна ў гэта назаўсёды, і ўспрыняла як найвялікшую ўзнагароду Госпада Бога, якою трэба моцна-моцна даражыць. I паверыла, што яна яго ведае, як ніхто, і што толькі яна можа дапамагчы яму, падтрымаць яго, бо ніхто так, як яна, не разумее яго і не зразумее. I гэта, зноў жа, сапраўды было так. Яна досыць хутка ўбачыла, што яе паэт — страшна наіўны і непрактычны ў жыццёвых справах целяпень, што яго вельмі лёгка могуць падмануць, акалпачыць, што ён кепска ведае людзей і можа клюнуць на прыманку, значыць — яго трэба засцерагаць, а як прыйдзецца — дык і ратаваць. Яна зразумела, у прыватнасці, што ён не заўсёды здольны пастаяць за сябе, за свой аўтарытэт і трэба прыходзіць яму на падмогу. «Ты мусіш трымацца і паводзіць сябе бездакорна, мусіш помніць, што на цябе глядзяць людзі», — заводзіла яна неаднойчы гаворку.