Читать «Добры анёл беларускасці (Штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч)» онлайн - страница 13

Ніл Гілевіч

Сабрала Ніна Іванаўна ўсю сілу волі ў кулак, зацялася, засяродзілася дый акунулася з галавой ізноў у вучобу — ужо з прыцэлам на будучую дысертацыю. Праз восем гадоў яна паклала на стол фаліянт на чатырыста машынапісных старонак. Шмат разоў — і тады, даўно, і цяпер, нядаўна — браў яго ў рукі, гартаў, учытваўся і пераконваўся: самая што ні ёсць доктарская. (Як член Вучоных саветаў і ў БДУ, і ў Акадэміі навук я перагартаў доктарскіх дысертацый шмат.) У фаліянце захоўваецца водгук на рэферат славутага гісторыка Мікалая Улашчыка. Афіцыйным апанентам быў вядомы пісьменнік і навуковец Мікола Лобан. Цікавы момант з гісторыі абароны. Калі ўжо быў назначаны «судны дзень», стала вядома, што прафесар Гомельскага дзяржаўнага універсітэта Уладзімір Анічэнка, які павінен напісаць водгук ад вядучай навуковай установы, лечыцца аж у Прыкарпацці, у Моршыне. I што робіць Ніна Іванаўна? Адкладае абарону да вяртання прафесара? Ну, гэта была б не Ніна Іванаўна. Не, ніякага адкладу-пераносу! Не ў яе характары. Садзіцца на цягнік і едзе за свет у той Моршын. I праз тры дні прывозіць патрэбны водгук.

Праз усё жыццё, як помню, яна прагна накідвалася на новыя кнігі, часопісы і газеты. У 1960-1980-я гг. у нашу хату ішло не менш за трыццаць перыядычных выданняў, у асноўным літаратурных і мовазнаўчых. Новая пошта паступала найперш у яе распараджэнне, і я не пратэставаў. Па-першае, яна вельмі хутка чытала, у адрозненне ад мяне, а па-другое, часам мне было выгадна: яна падкрэслівала ў часопісах і газетах тое, на што я павінен звярнуць увагу і не прапусціць (яна ведала -— на што, яна надта добра ведала — што мяне цікавіць!). Нярэдка і перапытвала: «Ці прачытаў у «Полымі»? А ў «Новом мире»? А ў «Вопросах литературы»?» Яна клапацілася, каб і я не апынуўся ў становішчы недасведчанага. Ды і цікава ж было пагаварыць, падзяліцца думкамі аб прачытаным. У яе кабінеце, у шафах, шафках, на стале і на століку і проста на паддозе грудзіліся сотні паасобнікаў часопісаў «Роднае слова», «Полымя», «Маладссць», «Адукацыя і выхаванне», «Русская речь», «Русский язык в школе», «Мовознавство» (Кіеў), зборніка «Беларуская лінгвістыка», тыднёвіка «ЛіМ»... У пухлых папках — сотні выразак з розных іншых выданняў, з літаратурных і грамадска-палітычных газет. I ўсё — скрэсленае-пападкрэсленае яе размашыстымі крэскамі і «птушкамі». Калі яна паспявала ўсё гэта перагледзець і перачытаць — не ведаю, адно дзівіўся заўсёды. У асноўным, канешне, вечарамі. Спаць клалася позна, не раней як а дванаццатай. Беларускія літаратурныя часопісы прачытвала вельмі ўважліва — і таму магла, пры выпадку, уступіць у размову з любым нашым празаікам, паэтам, крытыкам, асабліва — з ліку нашых сяброў. Часам і сама набіралася смеласці патэлефанаваць каму з іх і выказаць сваё прафесійна-абгрунтаванае захапленне. Было б досыць нашаму брату і проста захаплення, ну а калі яно яшчэ і абгрунтаванае, дык з такім чытачом пагаварыць асабліва прыемна.