Читать «Добры анёл беларускасці (Штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч)» онлайн - страница 11

Ніл Гілевіч

Я спокоен, вежлив, сдержан тоже, характер — как из кости слоновой точен, а этому взял бы да и дал по роже: не нравится он мне очень.

Канцоўка мне страшэнна спадабалася, і я неўзабаве перавярнуў яе на беларускі лад, трохі спарадыраваўшы пры гэтым.

Я спакойны, добры, нават мілы, характар — як вытачаны з слановай косці, а гэтаму ўзяў бы ды і даў у рыла, і дабавіў бы яшчэ са злосці.

Ніна прыйшла ў захапленне. «Ніл! — закрычала яна, рагочучы і стукаючы мне кулачком у плячо. — Ай які ты зараза! Я ж не знала, што ты такі зараза».

Ну вось, ужо і чужая, перакладная паэзія прыйшла мне ў помач на заваяванне мілосці гэтай пекнай паненкі. I ўсё ж — перадусім свая, уласная. Асабліва значнай вяхой на шляху да запаветных глыбіыяўяе сэрца сталася адна падзея, што мела месца восенню таго ж 1952-га. Адзначалася 70-годдзе Якуба Коласа. 28 кастрычніка універсітэт наладзіўу гонар гэтай даты вялікі юбілейны вечар — з удзелам самога народнага паэта. Ініцыятар і арганізатар вечарыны прафесар Міхась Ларчанка прапанаваў выступіць ад імя маладых паэтаў — нашчадкаў славугага песняра — мне. «Добра было б, — сказаў, — каб што-небудзь было прысвечана непасрэдна Коласу». — «Дык а ў мяне ёсць, — адказаў, — аж два вершы». I прачытаў яму свае прысвячэнні юбіляру. Міхась Рыгоравіч ухваліў і сказаў рыхтавацца да сустрэчы.

Тады ў БДУ сваёй актавай залы не было, і ўрачыстасць адбывалася па суседстве — у вялікай зале педінстытута. Народу было набіта бітком. Мы з Нінай паспелі заняць месцы дзесь пасярэдзіне залы. Разам з Якубам Коласам на сустрэчу прыйшлі і бралі слова Максім Лужанін, Міхась Калачынскі, Эдзі Агняцвет. Пасля іх выклікалі на сцэну і мяне. Спачатку я прачытаў верш «Якуб Колас» — і яго прынялі вельмі добра, а затым — сатырычны верш «Асадзі назад!», па матывах аднайменнага знакамітага верша народнага паэта. I тут здарылася штось проста неверагоднае: зала двойчы перарывала маё чытанне бурнымі воплескамі. Калі я закончыў і азірнуўся на прэзідыум — прафесары М. Ларчанка і I. Гутараў на мігі і жэстамі паказалі мне, каб я падышоў да Коласа. I я падышоў. I Канстанцін Міхайлавіч падняўся з крэсла і цераз стол паціснуў мне руку, і падзякаваў за вершы, і пажадаў вялікіх творчых поспехаў... Пры гэтым — ані ўсміхнуўшыся, ані зычліва паківаўшы галавою, сур'ёзна і строга.

Я вярнуўся на месца. Ніна не зварухнулася: не кінула хоць скоса вокам, не паціснула руку, не шапярнула слова. Так будзе і праз усе наступныя пяцьдзесят гадоў нашага супольнага шляху праз жыццё, з зусім нешматлікімі выняткамі. Калі выйшлі на вуліцу і паблізу ўжо нікога не было, сказала: «Ніл, табе сам Якуб Колас паціснуў руку. Сам Якуб Колас! Ты разумееш гэта?»