Читать «Сказ пра Лысую гару» онлайн - страница 8

Ніл Гілевіч

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

ПРАБЛЕМА Адвеку знаюць у народзе, Што калі гною не дасі, То будзе пуста ў агародзе — I бога нават не прасі. Каб агародніна буяла, Ва ўсю шугала на градзе — Патрэбен гной. Ды і нямала. А дзе ж узяць яго? Ну, дзе? Загаравалі лысагорцы Сярод няўгноеных палёў. I прыгадалі ў скрусе творцы: Які шчаслівец Кавалёў! Яму кругом пашанцавала — I тут пайшло ў яго на лад: За свата выбраў генерала, А ў генерала — шмат салдат. Таму гарод не быў пустэльняй: Абы прыходзіла пара — Салдаты з поўнаю цыстэрнай Так і газуюць да двара! А паспрабуйце даць вы рады Без генеральскае радні! Ну, хоць ты сам кладзіся ў грады I загнівай на карані! Знайшлася першай паэтэса: Сярод пустых яшчэ сядзіб На ейных сотках, побліз лесу, Шпакоўня вырасла, як грыб. "Раз аніхто з іх не даўмеўся — Хай — дурні — бегаюць сюды. Пакуль спахопяцца — за месяц I гною будзе для грады..." Тым часам іншыя шукалі: Хто — чарназём, хто — буры торф, Хто — проста смецце, хто — фекалій, Каравякі збіраў прафорг. I кожны Кучару зайздросціў I дэталёва ўспамінаў, Як той у цырку па знаёмству Браў угнаенне з-пад слана. Як чуўся крытык вінавата I ў цыркача сярод двара Пытаў: "Скажы, а ці багата Ён валіць гэтага дабра?" Цыркач скрывіўся, цыркнуў слінай I даў блатмайстару адказ: "Ты і за плечы не закінеш, Што ён нахляпае за раз!.." Адзін рэдактар меў удачу: Купіць гуана бочку змог, Прыпёр упоцемку на дачу I начапіў цяжкі замок. Тады, на сорам чалавеку — Ад слаўных будняў убаку — I ўзнік ганебны лозунг веку: "Гаўно трымайце на замку!" У звязку з гэтаю праблемай, Якой жылі гаспадары, Дыскусій шмат было й палемік На схілах Лысае гары. — Абы дзярмо! — аднойчы ўвечар Сказаў Няхай і тут жа скіс. Але пісаку запярэчыў Удумны Сачанка Барыс: — Ну, не кажыце: гной няроўны. Найлепшы той, што зробіш сам. Бо ён жа твой, уласны, кроўны, Як твор, які ты напісаў. Мне гной уласны найдарожшы За ўсякі куплены другі, Хоць, пэўна, добры гной у Прокшы, I ў Лукшы, мабыць, не благі. Ну, а вазьмі Шашкова з Гродневым? Хто знае, што яны ядуць I што за гной табе дадуць? Якая вырасце гародніна? Калі глядзець на ўсё цвяроза, Дык, можа, ў іх і гной такі, Як іх няякасная проза, Дзе рост не ў клубень, а ў пукі. Ну, каб замучыла мінтрэга, То я б адзін-другі камяк Узяў бы толькі ў Сані Шлега — I то за тое, што зямляк... Тым часам творцы зразумелі, Што ў паэтэсы выйгрыш ёсць, I пачалі шпакоўні-келлі На ўласных сотках ставіць скрозь. Паколькі ўсе былі маэстры I тэарэтыкі былі — Пра адпаведнасць формы зместу Не дбаць пры гэтым не маглі. I кожны мучыўся маральна, Часова ходзячы за куст: Якой па форме прыбіральня Павінна быць, каб чуўся густ? Каб не пароў у вочы ўсякі, Каму надарыцца зірнуць: "Ну, вось — сучасныя пісакі, А ад жыцця, бач, адстаюць!" Бо што стандартная шпакоўня? Даўно ўжо збрыдзела! Шаблон! Ці ў ёй падумаеш спакойна Над віратлівым бегам дзён? Не, тут стандарт — не суцяшэнне. Нялёгка, як ты не круці, Архітэктурнае рашэнне Такой будыніны знайсці! Ды ўсіх абставіў Сіла Гусеў: Зрабіў кабіну — будзь здароў! Пачырванець ажно прымусіў Прафесароў і дактароў. Ён форму ўзяў для туалета — Што аж зайздросна паглядзець: Як ёсць касмічная ракета, Вось-вось гатовая ўзляцець! I гэтай формы сэнс быў ясны: Заходзь, садзіся і ўключай! Ну, а ці быў там змест сучасны — Ты ўжо, чытач, мне выбачай!