Читать «Сказ пра Лысую гару» онлайн - страница 10

Ніл Гілевіч

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

БУДАЎНІЦТВА І грады ёсць, і прыбіральні, I ўжо на градах узышло, Але і ў позні час, і ў ранні Спакою творцам не было. Ну, скажам, вырасце радыска, А дзе гарантый плот і дрот, Што сам з'ясі? Сусед жа блізка: Залезе ў творчы агарод! Ці ж прывыкаць да плагіяту Хапугам розным уначы? I калі ты не зробіш хату, Дык як жа грады сцерагчы? Сабаку й то патрэбна будка, Каб ён не мок і не калеў. I вось на ўчастку кожным хутка Закрасаваў часовы хлеў. Але ў часовым — надта ж мулка! Вунь колісь быў Часовы ўрад — I той застаўся без прытулка, Як далі выспятка пад зад. Наш век суровы пэўнасць любіць, А пэўнасць — гэта не хляўчук. I дом з бярвенняў тут не зрубіш, Бо адбяруць сякеру з рук. Таму і кожны лысагорац Пачаў мазгамі варушыць, Каб як аполкаў дзе агораць, Зляпіць хаціну і зажыць. I неўзабаве стала ясна, Што ўсе цюхцяі-цельпукі, Калі датычыць справы ўласнай — Ого, якія спрытнякі! Здзівіла ўсіх актыўнасць Цвіркі: Займеўшы ўласны чарназём, Адолеў лёгка закавыркі I самы першы згрукаў дом. За ім услед маўчун Арочка Падважваў плашкі пакрысе. О, як ён важна, без сарочкі, Выглёндаў з кульбай на страсе! Няхай з Кірэенкам глядзелі На гэтых выскачак маўчком, I ў Няхая душонка ў целе Аж закруцілася ваўчком. I ён, як зух-ініцыятар Ва ўсякай "творчай" барацьбе, Зусім аднолькавыя хаты Дастаў суседу і сабе. Але сусед падумаў сціпла: "Зраўняцца хатай — проста жах!" I набакір, у стылі "сцірта", Ён заламаў фацэтна дах. Тым часам Хомчанка змікіціў, Што маху даў, не ўзяўшы град. Адзеў свой пракурорскі кіцель — I зразу ўсё пайшло на лад. Ён прыхапіў дзялянку хмызу (Някепска знаць законаў дух!) I дом — з падмурка да карнізу — Урваў па часці бытпаслуг. Здаўна не любячы дарэмшчын, Рукамі ўласнымі, як маг, Стары сталяр-чырвонадрэўшчык, Адляскаў Звонак звонкі гмах. Александровіч дом, як пуню, Зрабіў з паветкай заадно, А каб выходзіў дым — прасунуў Трубу, як гаўбіцу, ў акно. I Бугаёў, хоць быў вядомы Як апантаны кнігаед, Аднак не меншую стадолу На ўскрайку выстукаў услед. А Куляшоў, мудрэц-прафесар, Каб сотку лішнюю займець, Прыгарадзіў кавалак лесу I ў ім паставіў дом і клець. Ды ўсе прафесары й дацэнты Перад Навуменкам адным Былі, як дробязныя цэнты Перад далярам залатым. Другі маштаб — другая марка: Калі яму стаўлялі дом — Тры дні вішчэла цыркулярка, Чатыры дні звінела чарка, I цэлых пяць сквірчэла скварка, I кожны дзень вялася сварка — Былі Гамора і Садом! Астрэйка, той, што ў сотнях песняў Уславіў некалі будан, За кожнай кроквай клікаў цесляў: — Ну, злазьце, хлопцы, кроплю дам! Стары празаік Аляксееў — Ён генерал сапраўдны быў: Не ставіў хаты, град не сеяў — Склеп-бомбасховішча зрабіў. Святоша-праведнік Аўрамчык Якіхсьці хлопцаў прывалок — Яны не дом яму, а храмчык За тыдзень склалі да аблок. Будаўнікоў тых незнаёмых — Без намаганняў і турбот — Ён адкрываў пасля імёны У "Маладосці" цэлы год. Калі свой церам Жычка ставіў, Дык, як нявольнікі-рабы, Цягалі дошкі Чэрня й Ставер, У крук згінаючы гарбы. А Семяжон, прыдбаўшы ўчастак, Апошні ўзяўся будаваць: "Мая ж такая доля-шчасце: Я ж і жаніўся ў сорак пяць..." Ва ўсіх дамы, ва ўсіх палеткі, I толькі ў беднай Палтаран Стаяў хляўчук, сядзелі кветкі, Ляжаў нявораны дзірван.