Читать «Сказ пра Лысую гару» онлайн - страница 15

Ніл Гілевіч

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

ПУДЗІЛЫ Усім вядома, што няроўна На свеце ласку дзеліць бог: У Змітрака ў гародзе - поўна, А ў Васіля - пустыр-аблог. Яно й не кожны адналькова На ласку божую глядзіць: Васіль усцешан і куколем, Што на аблозе тым сядзіць. Мацней за ўсіх аграрнік Міша Маліўся клубню на градзе. (А ўсе мы знаем, як ён піша І як на службе рэй вядзе!) Яшчэ раса ляжыць на травах - Сахор у рукі ён бярэ І ў модных чунях-гаўнадавах Кампост рыхтуе на дварэ. Напрацаваўшыся да млосці, Ён адпраўляецца ў абход І аж заходзіцца ад злосці, Як зазірне ў чужы гарод. «Ну, вось, ты бачыш: у Арочкі, Хоць вершы кволыя пляце, А гарбузы ляжаць, як бочкі, Як на дражджах усё расце! І ў Жоры вунь качан, як цэбар, Як Мысліўцова галава. А тут ад крыўды плакаць трэба: Ссячэш качанчык - фунты два!..» О, як бы шчыра быў ён рады, Калі б ва ўсіх, каму «дано», Пасохлі й выпетралі грады, А з імі й творчасць заадно!.. Вось так і вучанаму Яську І ў думках мроіцца і ў сне, Што ён адзіны варты бляску «За дасягненні ў галіне...» Таму калег з саней агульных Ён выштурхоўвае плячом І едзе гэтакім культурным Інтэлігентным дзеячом! А каб ідэй яго зыходных Ніхто не здолеў агаліць - Давай на «ўсходніх» і «заходніх» Адзінакроўны гурт дзяліць... Ах, Яські, Яські! І калі вы Паразумнееце, дальбог? Калі замест культурнай нівы Наўсцяж раскінецца аблог? Калі ўзбуяе пустазелле, Як на гародзе ў Васіля? Ах, Яські, помніце: пахмелле Вам будзе страшнае пасля!.. Аднак жа вернемся на соткі. Цяпер я сцісла раскажу, Як на чацвёрты год усё-ткі Кроў пралілася за мяжу. Так, так, не думайце, што жартам. Аднойчы жонка песняра Успёрла свой «масквіч» азадкам На край суседняга двара. А двор з вагончыкам-прычэпам (Не ўсе ў харомінах жывуць!) Належаў майстру таго цэха, Што белетрыстыкай завуць. Была на дачы толькі цешча - Яна і крыкнула ў акно: - Ты што па ягадах таўчэшся, Каб табе кішкі патаўкло! - Заткніся, пудзіла, не шастай, А то вагончык падчаплю - Перацягну на свой участак І прыбіральняю зраблю! Старая куляй на падворак: - Ты - матля, матля без мазгоў! Прыедзе з Мінску зяць мой скора - Не сабярэш тады зубоў! - Мне злічыць зубы твой рахітык? Збаюся я падкілаша? Як ушчамлю яго між лытак - Дык тут жа й вылезе душа!.. Ніякай цешчы немагчыма У гэткім выпадку стрываць. - А твой здыхляк хіба мужчына? Праз храпы лёгкія відаць! Узвыла матля: - Ах, пачвара! - І кіпцюрастай пяцярнёй Так распісалася на твары, Як бы прайшлася бараной. - Вось так ляпей, старая торба! І я - пісьменніца цяпер. А каб прызналі мой аўтограф - Бяжы да доктара - завер!.. Старая ўзлезла на падножку І, каб свой гонар апраўдаць, Як Галілей, гукнула зноўку: - А ўсё-ткі лёгкія відаць!.. Без сведак быў ужо закончан Іх дыялог вясновым днём: Трасло з сярэдзіны вагончык Так, што хадзіў ён ханянём... Ах, май, чытач, спагаду ў сэрцы І вельмі строга не судзі, Калі суседка ды суседцы Зняла заўчасна бігудзі. Бо хоць вось так жывуць парнасцы І ўжо клянуць патроху лёс, Аднак жа гэтай самай трасцы Другому хочацца да слёз. Нашто ўжо вунь Калеснік Янка - І той да ісціны дапёр: Калі ў нутро ўлятала шклянка - Па градах плакаў, як бабёр. Дзівак! Яму з ягоным ростам Ляпей бяды не набываць: Ён не падумаў, як няпроста Гарод уласны вартаваць. Каб ад таго, што добра ўродзіць, Зладзюгаў розных адвучыць - Там ледзь не ў кожнага ў гародзе Страшыдла-пудзіла тырчыць. Па гэтых пудзілах, дарэчы, Зусім не цяжка распазнаць, Хто, дзе, калі і што на плечы Любіў ці мусіў апранаць. І хто апратку чым забрудзіў, І нават чым пасля змываў, Хто сам калісьці добра пудзіў «Злачынцам» спуску не даваў... Канешне, мала знойдзеш грозных Цяпер на пудзілах адзнак. Часцей за ўсё - у латках розных Лірычна скроены пінжак. Калі б па пудзілах сказалі Характар творчасці адчуць - Амаль усе ўвесь век пісалі Рамансы, сумныя чуць-чуць. І ўсё ж хоць пудзілы на градах Не вельмі страшныя былі, А рыфмахвата-тэмакрада Злавіць аднойчы памаглі. Ён позна вечарам п'яненькі Пасёлкам сунуўся сваім І раптам бачыць: волат нейкі Стаіць у цемры перад ім. Хоць быў і п'яны лысагорац, Але ад страху скамянеў. - Гэй, ты чаго? - падаў ён голас, - - За што ты хочаш біць мяне? Між тэмакрадаў я не горшы, Я злодзей рангу вераб'я: Калі мне вельмі трэба грошы, Я не клюю буйней рубля. Ты б паглядзеў, якія страты Дзяржаве чыняць «каршуны»: У дактары і ў кандыдаты Пралазяць з крадзеным яны! А што я рыфму спёр ва Уладзькі, Дык ён і сам іх недзе ўкраў! Адзін жабрак павесіў лапці Сушыць на плот - другі забраў... Ну, што ж, відаць, пра гэта ўбоства Пара аформіць рэзюме: Страшней няма самазабойства, Чым вось такое - на дзярме. Калі, таварыш Грыша-Міша, Мяне ты ў госці пазавеш - Я не спытаю: што ты пішаш? Я запытаю: чым жывеш? Ты зубы мне не загаворыш. Ёсць дыялектыкі закон: Дзярмом жывеш - дзярмо і творыш. (А натварыў - дык выкінь вон!) Бяда не ў тым, што ты не промах Напхацца бручкай неўпамер, А ў тым, што ў Музы у вантробах Завёўся страшны салітэр. Памрэ - і пудзілам у трантах Паставяць дзеці на граду. Уся бяда у тым, што сам ты Не лічыш гэта за бяду.