Читать «Сказ пра Лысую гару» онлайн - страница 17

Ніл Гілевіч

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

ВЯЛІКІ РУХ Так, толькі ён - Алесь Яскевіч, Спасцігшы эры нашай дух, Сумеў дадумацца і скеміць, Як разгарнуць вялікі рух. Хадзіў ён неяк на дасвецці Сярод сядзіб сяброў сваіх І хоць упоцемку - прыкмеціў: Як добра хрэн расце ва ўсіх! І праняла яго здагадка: А што, каб творчасці ўзамен, З усёй энергіяй на градках Мы пачалі разводзіць хрэн? Былі б на выручку надзеі: Той хрэн вазілі б прадаваць, Хто піша ў нас не для ідэі, А каб капейчыну ўварваць. Каб рух такі мы разгарнулі І ўсе адчулі ў хрэне смак - Мы б гэтым самым адвярнулі Ад пісаніны шмат пісак!.. Сваю ідэю ён назаўтра У штаб пісьменнікаў занёс. Там ухапіліся з азартам - Адзінадушна і ўсур'ёз. - Склікайце пленум, - буркнуў лідэр, Хай гуртам вырашыць актыў... Мужык учэпісты Дайліда «Мыслю» падаў у калектыў: - Каб зацікавіць лепей хрэнам І новай справе даць размах - Я раю вам правесці пленум У лысагорцаў у гасцях. - Цудоўна! Пленум на прыродзе! На выязным і п'ецца лепш!.. І вось праз тыдзень па дарозе Няспешна рухаўся картэж. У галаве - чатыры «волгі», За імі - рафікі ўпадскок, А замыкаў картэж той доўгі Сакратароў бранявічок... На традыцыйную палянку, Дзе ладзіць сходкі Гарулёў, Як старажыл, вясёлы зранку, Праўленцаў гурт Няхай прывёў. Кароткі ўступ зрабіў намеснік: - Мы дапусцілі ў працы крэн. Нам трэба ўрэзаць прозу, песні І частку сіл пусціць на хрэн. Раней, чым прымем пастанову, Узгоднім думкі ў добры час. Давай, Змітро, пачні размову: Ты самы смелы сярод нас. Змітрок рыўком прайшоў наперад, Адкашляў хрыпку на хаду І з развароту, без паперак, Абрынуў шквал на грамаду: - Ну, што скажу я? Хрэн у вершах І хрэн у прозе - хрэн адзін. А ў манаграфіях навейшых Мы і такога не дадзім. І калі мусім мы заняцца Праблемай хрэнаразвіцця, Дык гэта - скажам шчыра, братцы, - Не ад вясёлага жыцця. Зайдзіце самі ў дзень суботні З кнігарні прама на базар І параўнайце, што ахвотней Бяруць: ці хрэн, ці наш тавар? Ахвотней хрэн купляюць жонкі! Хрэн проста з рук ірвуць яны, А калі корань тоўсты, ёмкі - Дык не пытаючы цаны!.. Таму я згодзен з прапановай: Чым кніжкі дохлыя тварыць, Дык лепш з плантацыі хрэновай Даваць хоць нейкую карысць... І тут жа ўстаў Арочка з кульбай, Усхвалявана сапучы: - А калі ўвесь надзел пад бульбай? І паўкаша ў адным карчы? Кароткай рэплікай Дзюбайла Ссадзіў Арочку з капытоў: - І так, бульбянікі, нядбайна Нагадавалі жыватоў! - Ты на каго намёкі робіш? - Зірнуў Сцяпан з-пад акуляр. - Вядома, хрэн - зусім не дробязь, Але ж і талент - божы дар. Калі ўжо трэба гэта мера - Ёсць выйсце іншае яшчэ: Паслаць на хрэн пенсіянераў - Усіх, хто выпісаўся ўшчэнт!.. Тут узарваўся Асіпенка: - Сматря якей пенсіянер! Другі - як ссохлая апенька, А ў пісанні даець прымер!.. Тады з радоў, з канца аднекуль, Падняўся рыжы здаравяк, Падобны вельмі на Дайнеку, А на Дайліду - аніяк. Паколькі быў ён незнаёмы, Усе рашылі: прадстаўнік. І стала ціха-ціха ўмомант: Ну, як жа ён у справу ўнік? І гаркнуў рыжы: - Пустадомкі! Спыніце гэту балбатню! Бо як вазьму цурбэлак ёмкі - Як пацукоў вас разганю! Пакуль пустою гаварыльняй Вас тлумяць лекары навук - Няздары з п'янай камарылляй Свае тамы здаюць у друк!.. Сказаў - і тут жа з касагору Спакойна рушыў у сасняк. Нібы прыбіты громам, форум Не мог апомніцца ніяк. Намеснік зекрыў на Ляксея І мармытаў: - Адна Вярба, Адна Вярба ў нас так умее... Рух праваліўся - нам труба! Ляксей уставіўся ў Гамолку: - Хто гэта збэсціў нас, скажы? Ты знаеш нашу ўсю суполку: Ці ён пісьменнік, ці чужы? Устаў Гамолка, дзядзька порсткі, І ўсіх, як доўбняй, аглушыў: - Паэт Францішак Лысагорскі! Калі хлушу - каб я так жыў! - Вядзьмак?! - жахнуліся праўленцы. - Вядзьмак?! - азваліся кусты. Ва ўсіх затрэсліся каленцы, Ва ўсіх раскрыліся раты. Народ знямеў. Але праз хвілю: - Дагнаць! Дагнаць! - узняўся крык. - Злавіць і збегаць па Марылю: Хай зробіць гаду чык-чырык!.. - Дагнаць і ўзяць пад ногаць гніду! - Намеснік грукнуў кулаком. - Даверым місію Дайліду: Вярнуцца толькі з Ведзьмаком! - А дзе вы бачыце Дайліду? - Гукнуў нясвіжскі пасланец. - А той вунь, чырванню наліты? - Во гэны? Гэна ж Мыслівец! Намеснік зіркнуў на Гамолку І тут жа коршунам уссеў: - Ты што ў Саюз нагроб без толку? Як на адзін капыл усе!.. - А дзе Дайліда? - Бачыў сведка, Як сёння ўранку, сам не свой, Без чаравікаў, у шкарпэтках, Ён пёр на Слуцак пехатой. - Гардзіцкі ёсць? - У хрэнаводаў Для кніжкі інтэрв'ю бярэ. - Ну, а Рыбак? - На агародах Дзесь выступае па Бюрэ. - Заві хоць Ставера-халеру! - Няма таксама, як на грэх: Пакавыляў мяняць кватэру, Каб барыша ўзяць за паверх. Намеснік вылаяўся з гора: - Ну, і работнічкі ў мяне! Які ты з імі рух разгорнеш? І тут правал па іх віне!.. І ён зрабіўся сумны-сумны: - Цяпер пракляты той Вядзьмак З усіх нас выцягне гізунды, Ох, і паздзекуецца ўсмак!.. Чыгрынаў чмыхнуў раззлавана: - Не разумею - што за страх? Пішыце добрыя раманы - Ні чорт не ўшчуне, ні алах! Пасля чамусьці глянуў раптам На фотамайстара Крука: - Ці ты хоць пстрыкнуў апаратам? Схапіў на плёнку Ведзьмака? - Ды не, таварышы праўленцы, - Сказаў, збянтэжыўшыся, Крук. І ў гэты момант Татур лейцы У кіраўніцтва вырваў з рук. - Хоць праваліўся рух ганебна, Ды ў гонар сходкі выязной Нам дзербануць усё ж патрэбна. Прашу, таварышы, за мной!.. І з крэктам, стогнучы, з адышкай, Усе палезлі на гару, Дзе між кустоў, пад самай вышкай, Быў разасланы ўжо абрус. І хоць з гары амаль да Мінска Былі відаць шанхаі дач - Ім асляпіла вочы «Пліска», Бо кожны з іх быў закладач. Як зазірнулі дружна ў шклянку - За хрэн схапіліся скарэй. - Ах, гэткі рух звялі на п'янку! - Сказаў, смакуючы, Андрэй. - Пазбавіць закусон прыправы - Што з песні выкінуць рэфрэн. Для нашай справы, як для стравы, Патрэбны перац, соль і хрэн!.. - Сачы за гэным, за нясвіжскім, - Шапнуў суседу гаспадар, - Каб ён не свіснуў пляшку «Пліскі», Як у Нясвіжы - «Сонцадар». - Я, проша пана, не для варты: Я - на будоўлі інжынер! - Ты естась гіцаль, ніц не варты! Ты - фуражыр і кватар'ер! - Но, но, пся крэў, не надто глосьно! Не велькі пан ты тутай сам!.. Сп'яна прамовіў хтосьці злосна: - А ўсё ж Вядзьмак патрэбен нам!.. Тут Караткевіч рухам звыклым Насупраць сонца ўзняў бакал: - Дык і давайце, хлопцы, лыкнем Мы за здароўе Ведзьмака! Вядома, праўда вочы коле, Ды без яе, скажу вам я, Нічога людскага ніколі Не выйдзе з нашага рая. Пакуль не станем як належыць Цаніць сумленнасць у сабе - Вядзьмак не кіне нас драпежыць: Не гэты - іншы дадзяўбе!.. Калі й апошні высах келіх, Не давяраючы нагам, З гары, як дзеці на партфелях, З'язджалі ўсе пад шум і гам. Сукі калолі ў бок, як пікі, Сухія шышкі дралі брух... І гэта быў хоць не вялікі, І хоць уніз - а ўсё-ткі рух!