Читать «Сказ пра Лысую гару» онлайн - страница 13

Ніл Гілевіч

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

МУЖЧЫНСКІ СТРАХ Аднойчы ўвечары пісакі Сядзелі гуртам ля цяпла. (Чытач чакае рыфмы: фракі? Вазьмі ж! Трымай, каб не ўцякла!) Па абурэнню завугольным - Усе змаганцы-левакі, Яны і тут бруском крамольным Вастрылі смела языкі. Пабедаваўшы напачатку Пра лёс індзейцаў папаго, Унепрыкмет кульнулі кладку Да лёсу ўласнага свайго. - Ну, як у новым выдавецтве - Крыху варушыцца Ткачоў? Хоць і таптун, а мне здаецца: Уцешыць скора чытачоў. Змітрок падкінуў гэту тэму. Ды Фёдар рэзнуў як нажом: - А лысагорскую паэму І ён не выдасць тыражом! - Каму на шыю трэба пелька? І ўсё ж ад сэрца адлягло. Як гаварыў Тапчэўскі Фэлька: «Саўсім не тое, што было!» - Зусім другая атмасфера, - Паддакнуў горача Кастусь. - Калі йшчэ будзе і папера, Дык кожны выдасць кніжак стус. - У тым, старым, было ўжо звычкай: Цікавы рукапісны том, Перавязаўшы чорнам жычкай, Даціснуць рыжым матузом. Таму й ляжалі ў шафе мёртва - Хоць і не сунься і не лезь: І адмысловы «баснік» Пётра, І першакласны майстра Чэсь. - Затое вуліцай зялёнай, Зусім не ведаючы мук, Ішоў пад «Езус пахвалёны!» Алесь Сяргеевіч Шымук... - Нялёгка з кніжкаю прабіцца У цэх наборны да станка, Калі рашае лёс тупіца З нутром і мордай мясніка. Яму б сякерай на базары Рубіць цялячы перадок, А ён рубіў паэтаў мары - Крамсаў у кроў жывы радок! Яму б пярэднік ды на бойню - Скаціну токам забіваць, А ён пралез ужо ў абойму - Яго ўжо сталі «называць»!.. Вось так у гурце, пры цяпельцы, Пісак патроху браў азарт. І нават Ваня ў камізэльцы Разгарачыўся не на жарт. Вядома, гэта ж не з трыбуны - Тут можна доблесць паказаць: Не толькі зайчыкаў трыгубых, А й кабана на мушку ўзяць. Найбольш адвагі - аж праз меру - Папёрла з кожнага, браткі, Як узяліся штаб-кватэру - Свой дом - разносіць на шматкі. - У нашым доме штат бязладны: Не ўспеўшы стаць кіраўніком, Гардзіцкі звіс, як шар більярдны, Загнаны ў лузу Рыбаком. - Які більярд? Якая луза? На зло пісьменніцкай сям'і, Адзін зацяты член Саюза На дваццаць год схаваў кіі! - Э-э, тут цябе дапоўніць варта: Ён не адразу іх схаваў, Ён тры гады спачатку ўпарта З кіёў скурацікі зрываў. - Зрываць аматараў нямала, Дзе потны дух і дымны чад Ад маладух-кабет бывалых І ад сумніцельных дзяўчат. - Калі б не Мар'я ды Тацяна, Дык дом наогул зачыняй: Удзвюх працуюць так старанна, Хоць у прэзідыум прымай! - Дый інжынер там пад дзвярыма Тырчыць, браткі, не проста так. - Ну, а фатограф гэны з Крыма? На ўсё, што хочаце, мастак! - Мяне трывожыць, што Шамякін Ужо скарынку не грызе: Жуе без смаку прэсны мякіш, Нервова стоячы ў чарзе... - Іван, апроч літаратуры, Заняты іншым не на смех: На дошцы шахматнай фігуры Ён расстаўляе, як стратэг. Пусціўшы ў тыл каня-пралазу, Ён пешкі выстраіў у рад І спадзяецца, што адразу Усім Іванам зробіць мат. - Я чуў, як гледзячы на пешкі, Першаразраднік Куляшоў, Сказаў, не тоячы насмешкі: «Ах, Ваня, зноў не тым пайшоў!» - У гэтым, братцы, ёсць пагроза: З такой гульні праз колькі год Уся паэзія і проза Папасці могуць у цэйтнот! Чыталі ж «роман», як на востраў Эстэт эстэтку перавёз, Яна ж «цыцкой, як куля, вострай» Прабіла там яго наскрозь. Тры дні ганяла іх па лесе Бабуля нейкая з вядром. Як толькі з буськай ён палезе - З кустоў «ату!» і медны гром: «Там кран стаіць, а ты, кабета, Любошчы ладзіш з халастым!» Ох, да чаго ўсё смачна гэта І як ідэйна - разам з тым!.. Цякла гаворка, трэскаў хвораст, І раптам нехта ў грамадзе: - Палундра! - крыкнуў на ўвесь голас. - Марыля з скальпелем ідзе! Мужчынскі страх - такая сіла, Што не зраўняеш ані з чым: Умомант вока падхапіла І, як віхор, змяла мужчын. Арочка трохі быў замешкаў, Але пасля як даў ды даў - Дык хоць і з кульбай-качарэжкай, А нават Цвірку абагнаў. А што Марыля за прычына? - Карціць дазнацца чытачу? Зусім прыстойная жанчына. Марылю крыўдзіць не хачу. Не сухарэбрына. Не плюндра. Дай божа баба! Як абняць! Чаму ж пісак змяла «палундра»? Тут трэба толкам расказаць. ...Сівы паэт ішоў аднойчы І стрэў Марылю ля грады. - Які ў вас кветнік! Трэба ўночы Залезці з ножыкам сюды! Ён пакланіўся ёй прыветна І губы ў трубачку стуліў, І думаў: «Ах жа, як фацэтна Я гаспадыню пахваліў!» На камплімент яго на гэткі Марыля скальпель падняла: - Што? Ты мае парэжаш кветкі? А гэта бачыў? - зараўла. Раўнула - леў бы так не рыкнуў. - Хутчэй бяжы адсюль, разак! А то сцягну парткі, чырыкну - І ад цурбэлка - толькі знак!.. Збялеў паэт, сказаў: «Вар'ятка!» Ды як рвануў праз касагор, Дык без аддыху, без аглядкі Аж да Кальварыі дапёр. А там на сцежачцы бетоннай, Супроць апошняга двара, Ён ледзь не стукнуўся ў Антона - Шчаслівай долі песняра. - Чаго так прэшся ашалела? - Ой, нават сорам гаварыць: Марыля Яськава хацела Мне... аперацыю зрабіць. - Дурная! Гэта ж не пазногаць, Што зрэзаў - чорт яго бяры! А тут чарахнеш - дык не змогуць Назад прышыць і дактары. - Зямлі не чуў я пад сабою! Ой, што за баба, што за злосць! Антоська, цупні ты рукою Вышэй-ніжэй, ці ўсё там ёсць? Антон хацеў спачатку стукнуць За гэткі жарт - але стрываў. - А што ты сам не можаш цупнуць? - Нясмачна сплюнуўшы, спытаў. Аднак не толькі што згадзіўся, А й паказаў належны спрыт - Захватна цупнуў і здзівіўся: - Ого, сабака! Як капыт! - То дзякуй богу, дзякуй богу! - Перажахнуўся небарак. - Хадзем з нагоды лыкнем троху - У жонкі ёсць наліўкі гляк... Пазней, калі хто кпіў з паэта, Яго аж кідала у жар: - Яна ж не проста вам кабета! Яна - стары ветэрынар! У Смалявічах з малалецтва Яна лягчала ўсіх кныроў! Дык што ёй мне зрабіць калецтва? Чырыкне раз - і будзь здароў!.. Пра гэта доўга гаварылі І нават прымаўка пайшла: «Паэт, сыйдзі з вачэй Марылі, Пакуль інструмант не ўзяла!..»