Читать «Сказ пра Лысую гару» онлайн - страница 11

Ніл Гілевіч

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

ТАК I ЗАЖЫЛІ I вось — пасёлак як пасёлак: Гароды, вуліцы, дамы, Сям-там драты у восем столак... А як жа пішуцца тамы? Пакуль змагу падкаравуліць, Ці творыць хто, скажу вам так: Я і па першых назвах вуліц Адчуў фантазію пісак. Гучалі назвы вельмі ёмка: Астрэйкаў пляц, Ласіны рог, Завулак Цвіркі, Няхаёўка I Пракурорскі хутарок! Але засведчу тут сумленна, Што хоць ад цэнтра і ўбаку — Было найболей ажыўлення У Калачынскім тупіку. Жыццё ішло сваім парадкам: Хто на калёсцах пёр ваду, Хто з жонкай корпаўся на градках — Палоў драсён і лебяду. Хто паліваў растворам дрэўцы, Хто падстрыгаў-раўняў кусты, А хто на сонцы лежма грэўся, Жывот падціснуўшы пусты. Пра славу марыў і пра дзевак 3 пакутнай думай на ілбе, — Пакуль са станцыі вандзэлак Прыцягне жонка на сабе. О, тыя з горада візіты! Як іх чакалі мужыкі! А як прасілі: "Прывязі ты Хоць недапітачак які!.." Сябры прывозілі звычайна Напханы пляшкамі бавул, I жонкі ў роспачы-адчаі Крычалі "Гвалт!" і "Каравул!" У гмаху Звонака піялы Звінелі так, што чулі ўсе: Не чай зялёны аксакалы Смакталі ўслодыч пакрысе! I ў будане лясным Астрэйкі Не моўкла позна гамана. На закусь там, як сімвал нейкі, Была цыбуліна адна! I ў Няхая на Няхаёуцы 3 гаспадаровых рук штодзень Сцяг паэтычны бралі хлопцы I спалі ўпокат абы-дзе... Таму Валоўшчынская крама Амаль заўжды была пустой: Пітва ніякага ні грама — Хоць трупам ляж, хоць слупам стой! Дык у сяле не без прычыны Бурчалі злосна мужыкі: "Ці не адпэндзіць нам, мужчыны, Адсюль піцьменнікаў такіх?" Ды і валоўшчынскія цёткі Клялі іх, зведаўшы бяду: "Не напаіць з балотца цёлкі — Пісакі выбралі ваду!.." Жыццё ж і дачніц турбавала. Бывае, рана-ранічкой Імчыць кабета з самазвала, Уся — парыў і неспакой. Суседка з хаты ёй насустрач — Яшчэ спрасонку ў негліжэ: — Чаго ты прэшся гэтак шустра? Які кадук цябе глыжэ? — Хачу зваліцца неўспадзеўку: Адзін начуе мой стары, Дык мо прыцёг якую дзеўку, Каб іх цягалі дактары! — Ну, калі мой прыпрэ дурніцу На гэту Лысую гару — Я падпалю на ёй спадніцу I як жабоцьку раздзяру!.. Былі й паслугі для пісакаў, Тут Янка Кучар — казначэй — Збіраў узносы і не плакаў: Усе на месцы, дык лягчэй. I доктар Нэйфах, хоць і рэдка, На соткі ўласныя імчаў, Дзе толькі ўслон быў — раскірэка, Як той у клініцы тапчан. Ён у пісак пытаў з дакорам: — Часнок і хрэн на градах ёсць, А дзе жэнь-шэнь? Дзе гэны корань, Што вам прадоўжыць маладосць? Ён клаў масцітых уздоўж лаўкі, А немасцітых — на зямлі, I сам насіў з балотца п'яўкі, Каб кроў нядобрую пілі... Турбот хапала лысагорцам! Ішлі ў гарод і ў дзве рукі — У пальцах — з гонарам і форсам — Пераціралі камякі. О, калі б так пераціралі Свае радкі, свой кожны сказ — Якія б плёны вырасталі На творчым зябліве у нас! А то прывыклі, марнатраўцы, Паперу крэмзаць, абы з рук. Не ганарару б ім, а трасцы За той "цяп-ляп", што пруць у друк! Але нашто ім дбаць пра творы? Сядзі ды моркаўку грызі. Гуркі, трускалкі, памідоры — Хоць ты на выстаўку вязі! 3ірнеш — дык здзівішся: дарэмна Такім ударнікам палёў Дасюль не выдалі ні прэмій, Ні лаўрэацкіх медалёў. Дарэчы, з прэміямі — туга. Дайсці няпроста да вянца: Па зачарованаму кругу Яны ўсё ходзяць без канца. Пакуль разы са два, не меней, Яны абыдуць гэты круг, Дык будзь ты, браце, тройчы геній — Не дачакаўшы, спусціш дух! Пытанне гэтае — не жарты. Вазміце рэч, што пад рукой: Вось гэты твор — што, ён не варты Саліднай прэміі якой? Ён можа больш сказаць народу, Чым іншы збор у шмат тамоў. Ды не хачу я ўзнагароду! Мне б хоць жывым прыйсці дамоў!.. Хацеў, гавораць, паміж іншым, Пытанне высветліць Няхай, Чаму напхалі ў гурт чужынцаў I хто зрабіў гэты пхай-пхай. Магчыма, быў зямлёю гандаль За кошт абдураных пісак? Бо ці ж дакажаш розным гадам, Што грэх за соткі браць ясак? Былы рэдактар "ЛіМа" Горцаў (Яму ўсё рэзаць тэкст карціць), Як згледзеў зброд між лысагорцаў — Рэзюмаваў: "Подсократить!" Але падняўся новы вэрхал: Усіх зваліла навіна, Што нібы ёсць папера зверху — I дачам з соткамі — хана! Забедавалі небаракі: — А мо хто выдумаў на злосць? — А хто сказаў? — Ды сам Бураўкін! — Ну, гэны знае ўсё як ёсць!.. Адных адкрыта выклікалі I прапаноўвалі аддаць, Другім празрыста намякалі, Каб адмаўляліся ад дач. Ды зблытаць базіс з надбудовай Ніхто з дасведчаных не мог. Куды прасцей ад роднай мовы Было б адмовіцца, дальбог! Ужо ж не раз раўло мяшчанства: "Пара камісію ствараць Па ліквідацыі няшчаснай, Што ўсё не хоча паміраць!" Яны даўно былі гатовы Ажыццявіць "святы" парыў — Ліквідаваць дарэшты мову, Якой Купала гаварыў. Але назло іх крыку: "Знішчыць!" 3 глыбінь народнага жыцця Увысь ірвалася Янішчыц — Палесся мілае дзіця.