Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 38

Генрых Бёль

Вячэрнi брыз; яшчэ раз загула сiрэна «Штыльтэ» з лёгкiм напамiнам, у загарадцы бэкалi авечкi, марожаншчык крычаў: "Марожанае! Марожанае!"; потым змоўк: напэўна якраз клаў ванiльнае марозiва ў крохкiя вафлi. Памост, па якiм нёс мяне Алоiс, лёгка прагiнаўся пад маiмi нагамi; нечы цiхi голас спытаўся: "Гэта ён?" I Алоiс таксама цiха адказаў: «Ён». На развiтанне ён шапнуў мне: "Думай пра тое, што вечарам у аўторак будзеш у Ротэрдаме". Мяне неслi iншыя рукi, па сходах унiз; там пахла машынным маслам, вугалем, пасля — драўнiнай; здалёк чуўся спеў сiрэны, «Штыльтэ» здрыганулася, глухое вуркатанне рухавiка пачало мацнець, i я адчуў, што мы плывём, плывём унiз па Рэйне, усё далей i далей ад вежы Святога Севярына.

Цень ад сабора Святога Севярына падпоўз блiжэй, запоўнiў ужо левае акно бiльярднага пакоя, закрануў правае; час, якi сонца гнала перад сабою, наблiжаўся, нiбы пагроза, запаўняў вялiкi гадзiннiк, якi неўзабаве мусiць выпрастацца ад яго, выдаўшы з сябе жахлiвыя гукi; белыя на зялёным, чырвоныя на зялёным кацiлiся шары; гады, рассечаныя напалову, гады, узваленыя адзiн на адзiн — i секунды, секунды, што падаюцца спакойным голасам, нiбы вечнасцi; каб толькi не трэба было зараз бегчы зноў па каньяк, не сустракацца з календаром, з гадзiннiкам, з авечай прапаведнiцай, з Гэткiм-што-не-павiнна-было-нарадзiцца; каб толькi яшчэ раз пачуць наказ: "Пасвi авечак маiх", пачуць пра жанчыну, што ляжала ў траве пад летнiм дажджом; баркасы на якарах, жанчыны, што iшлi па кладках, i мячык, якi ўдарыў Роберт — Роберт, якi нiколi не каштаваў бычынага прычасця, якi моўчкi гуляў далей, выбiваючы сваiм кiем на тых двух квадратных метрах усё новыя i новыя фiгуры.

— А ты, Гуга, — спытаў ён прыцiшана, — цi ты не хочаш мне сёння нiчога расказаць?

— Hе ведаю, колькi часу гэта доўжылася, але мне здаецца, што цэлую вечнасць: пасля ўрокаў у школе мяне заўсёды бiлi. Часам я заставаўся чакаць, пакуль не ўпэўнiваўся, што ўсе яны пайшлi палуднаваць, а жанчына, што прыходзiць прыбiраць у школе, сустракала мяне ўнiзе ў калiдоры i пыталася: "Што ты тут яшчэ робiш, хлопчык? Мацi дома, напэўна, чакае цябе".

Але мне было боязна, i я чакаў, пакуль гэтая жанчына пойдзе i зачынiць мяне на замок у школе; гэта мне ўдавалася не заўсёды, бо часцей за ўсё яна выганяла мяне, перш чым зачынiць школу, але, калi ў мяне атрымлiвалася застацца сядзець зачыненым, я быў рады: ежу я знаходзiў у партах i ў выварках для адкiдаў, якiя прыбiральшчыца выстаўляла ўнiзе ў вестыбюлi для машын, што вывозяць смецце: удосталь бутэрбродаў, яблыкаў, рэшткi бiсквiтаў. Вось так я заставаўся ў школе адзiн, i нiхто мне нiчога не мог зрабiць. Сагнуўшыся, я сядзеў у настаўнiцкiм гардэробе, за дзвярыма, што вялi ў падвал, бо баяўся, што яны могуць зазiрнуць у акно i ўбачыць мяне; але прайшло нямала часу, пакуль яны дапетрылi, што я хаваюся ў школе. Нярэдка я сядзеў там гадзiнамi, да самага вечара, калi я мог спакойна адчынiць акно i вылезцi на вулiцу. Я глядзеў доўга на апусцелы школьны двор: цi можна знайсцi што-небудзь больш бязлюднае, чым гэткi школьны двор надвячоркам? Гэта была цудоўная часiна, пакуль яны скемiлi, што я застаюся сядзець зачынены ў школе. Я сядзеў, сагнуўшыся, у настаўнiцкiм гардэробе альбо пад самым акном i чакаў чагосьцi, што мне было вядома толькi як слова: нянавiсцi. Я так хацеў бы ненавiдзець iх, але я не ўмеў гэтага, пане доктар. Я адчуваў толькi страх. Былi днi, калi я чакаў толькi да трэцяй альбо чацвёртай гадзiны, думаў, што яны ўжо ўсе пайшлi i я здолею хутка перабегчы цераз вулiцу, каля Майдавай стайнi, i паўз могiлкi даляцець да свайго дома, каб замкнуцца ў iм. Але яны падмянялi адзiн аднаго, хадзiлi палуднаваць па чарзе — бо адмовiцца ад ежы, гэтага яны не маглi, — i калi яны беглi да мяне, я ўжо здалёк унюхваў, што яны елi на абед: бульбу з падлiўкай, смажанае мяса альбо зелянiну са скваркамi; i калi яны мяне лупцавалi, я ўсё думаў: у iмя чаго сканаў Хрыстос, якая мне карысць ад яго смерцi, якая мне карысць ад таго, што яны кожнае ранiцы чытаюць малiтву, штонядзелi прымаюць прычасце, i ад таго, што ў iх на кухнях вiсяць распяццi — над тымi сталамi, за якiмi яны ядуць сваю бульбу з падлiўкаю, смажанае мяса альбо зелянiну са скваркамi? Нiякай карысцi. Што мне з усяго гэтага, калi яны кожны дзень падпiльноўваюць мяне i збiваюць на горкi яблык? Пяцьсот цi шэсцьсот год ужо — яны нават ганарылiся, што ў iх такi старажытны сабор, — можа, нават тысячу год яны хавалi сваiх продкаў на могiлках, тысячу год малiлiся i елi пад распяццем бульбу з падлiўкай i скваркi з зелянiнай. Дзеля чаго? I цi ведаеце, што яны выкрыквалi, калi лупцавалi мяне? — "Авечка божая". Гэта была мая мянушка.