Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 316

Васіль Быкаў

— Ну, а як жа ён іх усё ж згледзеў — на елках? — запытаўся Агееў.

— У тым-та і справа, што ён нічарта не згледзеў — аўчаркі! Тая сцерва ўчуе, падбягае да елкі і брэша. Ну, аўтаматчык падыходзіць і — чаргой угару, па голлі. Ну, і крышка! Каторыя адразу забітыя, каторыя параненыя, самі пасля даходзяць. Але ж прывязаны, не ўпадуць. За паўтара года вараннё абгладала…

— Да-а, — сказаў Жалудкоў. — Было дзела! Ды ну яго к д’яблу! Во нахлынула праз Сямёна гэтага. А так я і ўспамінаць не хачу… Харошае надвор’е, рыбалка. Хутка грыбы пачнуцца.

— А па грыбы туды і дагэтуль не ходзяць — усё замініравана. Колькі пасля вайны пападрываліся! — не мог спыніць успаміны Хаміч.

Агееў ціха сядзеў на траве, пакорліва слухаючы то ўсхвалявана-зласлівыя, то ўціхаміраныя і невясёлыя, аднак, размовы ветэранаў, і ўнутры ў яго ўзнімалася трошкі нават зайздроснае пачуццё да іх — яму такой вайны не дасталося. Яму выпала іншая, пра якую і расказаць гэтак вось шчыра, як расказвалі гэтыя людзі, не адразу наважышся. Ён і не расказваў нікому, доўгія гады насіў усё ў сабе. Хіба што-колечы сказаў жонцы пра сваё нядоўгае партызанскае жыццё, у якім для яго было мала цікавага, бо на заданні ён не хадзіў — плавіў на базе пол, рыхтаваў узрыўчатку. Пасля вызвалення ў сорак чацвёртым яго як спецыяліста паслалі ў артзабеспячэнне, дзе ён свету не бачыў за штабелямі мін, снарадаў, патронаў, гранат, пагрузкай і выгрузкай, справаздачамі і ўлікам. А колькі клопату было з транспартам, якога заўжды не ставала. Але гэта звычайныя клопаты, якіх процьма ў кожнага забеспячэнца або гаспадарніка. Хоць бы і на вайне.

— Вы ўжо на пенсіі? — запытаўся Агееў у Хаміча, які тут здаўся яму самым старым, апроч хіба Еўсцігнеева. Хаміч нязгодна смыкнуў рэдкімі брывамі.

— Раблю. Ваабшчэ мог бы ісці, але, ведаеце… Грошы трэба.

— Ён у нас многасямейны, — сказаў Прахарэнка. — Бацька-герой!

— Ну. Пяць дачок, восем унукаў. Мусіш рабіць, памагаць трэба.

— А што, у дачок мужыкоў нама? — запытаўся Агееў.

— Ёсць, чаму! Адна толькі ў разводзе. А так зяці, усё як мае быць. Калі ўлетку наедуць — цэлы ўзвод. Аж гул у хаце стаіць. Ну, і трэба даць кожнай: сальца, кілбас, вясковага масліца — гарадскія цяпер падабаюць. Гародніны таксама. Ну, яблыкаў, грыбкоў, варэння. А затым трэба і паслаць! Адна кааператыўную кватэру будуе, другая машыну купляе. Трэцяя прадаўшчыцай у Мінску рабіла, недастача выйшла, трэба пакрыць, бо ў турму сядзе. Усё трэба.

— Панятна, — задуменна сказаў Агееў, а Жалудкоў растлумачыў проста:

— Паразіты яны ў цябе, Хаміч. І дочкі, і зяці твае.

Цень заклапочанае нязгоды прабег па добразычлівым Хамічовым твары.