Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 314

Васіль Быкаў

Еўсцігнееў, здавалася, шчыра здзівіўся.

— Як я мог яму даць? Ён з забягалаўкі не вылазіў, скандаліў з жонкай. На грамадскасць не рэагаваў, а яму — рэкамендацыю?

— Э, гэта пасля ўжо — забягалаўка і ўсё іншае, — сказаў Жалудкоў. — А тады ж ён яшчэ і не піў. Тады ён хату стаўляў, во гэтую самую. І ты не даў таму, што ў яго там, у дзеле, нешта значылася. З вайны.

— Ну, хоць бы і так. Хоць бы і значылася. Тым болей я не мог даць.

— Надта пільны!

— А як жа! Як жа інакш? Гэта мой абавязак.

— Аднак жа Шаравараву даў. Малады, актыўны. Пад судом і следствам не быў, на акупіраванай тэрыторыі не пражываў. Не п’е, не курыць. Ліха камандуе райзагам. А што ён ужо тады спекуляцыяй займаўся — пра гэта ж у дзеле не напісана. Во ты і даў. А праз год яго выключылі і судзілі. І што ты? Счырванеўся?

— Ведаеце, таварыш Жалудкоў, вам болей піць сёння нельга. Я забараняю, — падумаўшы, холадна сказаў Еўсцігнееў і рашуча згроб бутэльку з рэштай гарэлкі. — Хопіць! Вы шальмуеце старшага афіцэра. Усё ж я падпалкоўнік, а вы — капітан.

— Ужо зняты з уліку, — нечакана ўсміхнуўся Жалудкоў. — Так што спазніўся.

— З чым спазніўся?

— З павучаннем!

— Во дае! — шчыра рагатнуў Хаміч. — Во дае!

— Нічога падобнага! Гэта ўжо п’янка. Вы забыліся, нашто сышліся.

Сказаўшы тое, Еўсцігнееў з натугай падняўся на ногі і з бутэлькай у руках патупаў да плота.

— Пакінь хоць бутэльку, будзь чалавек! — крыкнуў Жалудкоў, але Еўсцігнееў не азірнуўся нават. Трохі пасядзеўшы, моўчкі ўскочыў і Скараход, пабег за падпалкоўнікам. Жалудкоў паморшчыўся і перасеў на яго, мабыць, болей зручнае месца.

— Ну, і чорт з імі! Пакурым на прыродзе. Прахарэнка, дай цыгарэту, — сказаў ён амаль спакойна.

Яны закурылі ўтрох, памаўчалі. Хаваючы ў кішэню цыгарэты, Прахарэнка памяркоўна заўважыў:

— Не трэба было яго чапаць. Даваў, не даваў, каму даваў — якое нам дзела.

— Яму ж да ўсяго ёсць дзела. Надта актыўны.

— Ды ён няшкодны, — уставіў дабрадушна Хаміч. — Шабуршыць, ды ўсё без толку. Цяпер сядуць са Скараходам у шахмацікі.

— Ды ну іх, гэтых шчалкапёраў, — зноў нервова загаманіў Жалудкоў. — Не паважаю такіх! І на вайне не паважаў. За што іх паважаць? Бывала, калі якая аперацыя намячаецца, тэрміны ж заўсёды малыя, дык гэтыя штабы ўвесь час на сябе і сцягнуць. Месяц з паперамі возяцца, графікі малююць, перарабляюць, утрасаюць і ўзгадняюць. Пасля ніжэй спускаюць, зноў чэрцяць і малююць, дакладваюць і ўзгадняюць. А прыйдзе нарэшце такі план да таго, каму яго крывёю выконваць — у полк, батальён, — тэрмін і скончыўся. Камбату няма калі на мясцовасць зірнуць, дзе наступаць будзе, — да атакі гадзіна засталася. Ну, гэта правільна?

— Паперы, яны і на вайне — немалаважнае дзела, — задумліва сказаў Прахарэнка.

— Яны, аднак, супакойваліся. Жалудкоў ужо не зыркаў вакол напружаным паглядам. Прахарэнка быў наогул спакойны, а на старэчым, у зморшчынах твары Хаміча раз за разам з’яўлялася амаль дураслівая дзіцячая ўсмешка.

— І гэты Скараход, ужо два гады на пенсіі, а глядзі ты, гонару колькі! У паветранай арміі ваяваў! — успомніў Жалудкоў.