Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 315

Васіль Быкаў

Прахарэнка сказаў:

— Цяпер што! А во паглядзеў бы ты на яго, як ён дэмабілізаваўся ў пяцьдзесят пятым! Блакітны кант, фуражка з крабам над казырком, усё лётчыкам называўся. Аўтарытэт быў, ого! На ўсё мястэчка адзін лётчык. Уладкаваўся ў абласную газету сабкорам. Усё пра дасягненні пісаў. І загалоўкі якія: «На фронце ўборачнай страды», «Бітва за ўраджай», «Атака на безгаспадарчасць»… Ці бачыў ён хоць раз за вайну атаку…

— Ладна, ну іх! — махнуў рукою Хаміч.

Але цяпер, хоць і спазнела, мабыць, захацелася выказацца і Прахарэнку.

— На фронце пад Сандамірам адзін такі прыехаў у брыгаду. Далі яму ў штабе спісы перадавікоў, і ён кажа: «Хачу сам у танку паехаць». У атаку, значыць. Ну, камбат кажа: «Прахарэнка, возьмеш карэспандэнта». А ў нас быў некамплект, радыста параніла. Праўда, і рацыя не працавала, толькі кулямёт. Так што вольнае месца. Надзеў ён шлем, усеўся, паехалі. Немцы як пачалі балванкамі лупіць, толькі акаліна ад сцен ляціць, пасажыр наш сцяўся, разгубіўся, бадай што «мамачка» закрычыць. А пасля нас падбілі на мінным полі, каля першай траншэі. Добра, не загарэліся, але маторную групу раскурочыла здорава. І гэты друг першы — у ніжні люк. Лейтэнант Агурцоў крычыць: «Стой, сядзі!» Бо куды ж лезці, з траншэі адразу падстрэляць. А так, можа, яшчэ што-небудзь і выседзім… Яшчэ па нас некалькі разоў балванкамі ўрэзалі, праламалі браню, здорава брашнёра ранілі. Брашнёр крывёю сплывае, а мы сядзім. Таму што няма куды лезці — верная смерць пад такім агнём, ды і гэтага друга ледзь стрымліваем. Башнёр надвячоркам памёр. Дасядзелі да ночы, па адным выбраліся, з горам напалам дапаўзлі да сваіх, і пасажыр наш наўпрасткі ў санбат — нервовае патрасенне. А мяне ранічкай у другую «трыццацьчацвёрку» перасадзілі, зноў рычагі ў рукі і — упярод, за Радзіму.

— Гэта што, танк — усё ж браня, — паказваючы нездаровыя зубы і зганяючы з твару наіўную ўсмешку, пачаў Хаміч. — А во як у нас, у партызанах… Вясной сорак чацвёртага, як прарыў быў, ага… Вырваліся, ды на ўсе. Некаторыя не паспелі — захлопнуў ён той калідор. І ўзяў у кальцо. Ды як пачаў па пушчы ганяць, разрыўнымі хрысціць, толькі трэск стаіць. Ну, адстрэльваліся, бегалі, кідаліся сюды-туды, і засталося нас з гулькін нос, два дзесяткі хлопцаў, амаль усе параненыя. Ноччу, як трохі ўціхла, перасядзелі ў балоце, раніцай вылезлі — куды дзявацца? А ён ланцугамі пушчу прачэсвае, усё абстрэльвае, куды не дастане — аганьком! Ну, знайшліся ў нас некаторыя, кажуць: на елку ўзлезці. Елкі густыя, знізу нічарта не відаць, во хлопцы і паўзлазілі, дзягамі да ствалоў папрывязваліся, каб не зваліцца, значыць, — доўга сядзець сабраліся. Я тожа ўзлез высока, прывязаўся, сяджу, гойдаюся на ветры — любата! Але чую: ужо затрашчала, ідзе ланцуг, значыць. І тут чую — аўчаркі! Э не, думаю, ад гэтых не схаваешся. Каменем уніз, яшчэ бок да крыві абадраў, і — дай бог ногі! Бегаў ад тых ланцугоў і так і сяк, зноў ноч на балоце адседзеў, пад выварацінай хаваўся, ля дарогі ў пыльнай канаве паўдня праляжаў, усё ж неяк выкараскаўся. Калі ачапленне знялі. Затым на фронт трапіў, ва Ўсходняй Прусіі адваяваўся. Восенню сорак пятага па першай дэмабілізацыі прыходжу дамоў (я ж з Ушацкага раёна), чую, нехта расказвае: у Селіцкай пушчы шкілеты на елках вісяць. Неяк выпадкам заехаў. Сапраўды, вараннё каркае, кружыць, прыгледзеўся, знаёмыя мясціны. А на елках белыя костачкі праз голле блішчаць, рамянямі папрывязваныя, некаторыя з вінтоўкамі нават. Знімалі пасля, хавалі…