Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 313

Васіль Быкаў

— А я табе зараз скажу, колькі. Два цяжкія раненні па тры месяцы і чатыры лёгкія па паўтара-два месяцы. Ітаго прыкладна чатырнаццаць месяцаў.

— О, бачылі! — нечакана ўзрадаваўся Скараход. — Чатырнаццаць месяцаў у тыле, калі на фронце кровапралітныя баі! Мне б палову твайго хапіла за ўсю вайну. Ужо выспаўся б!..

— Во, во, — без ранейшага, аднак, запалу сказаў Жалудкоў. — Ды табе б трох месяцаў маіх хапіла. Тых, што я ў гнойным аддзяленні праваляўся. Калі лёгкія выгнівалі ад асколачнага ранення, павесіцца на спінцы койкі хацеў.

Бландзін з абгарэлым тварам, які дагэтуль моўчкі сядзеў ля Агеева, працягнуў руку да паваленай у траве шклянкі і сказаў з папрокам:

— Ды хопіць вам! Знайшлі з-за чаго сварыцца. Давайце яшчэ нальём. Хаміч, чаго спіш?

— Я заўжды, калі ласка, — страпянуўся Хаміч.

— Не адны мы ваявалі. Во і таварыш, напэўна, тожа. Прабачце, не ведаю вашага імя па бацьку, — ветліва сказаў сусед Агееву, і левая шчака яго скасабочана нацягнулася скурай.

— Ды проста — Агееў.

— Былі на фронце ці ў партызанах?

— І на фронце, і ў партызанах, — сказаў Агееў. — Усюды патроху.

— На гэтай вайне і патроху можна было добра ўхапіць. Я вунь за паўгода чатыры танкі змяніў. Пасля чацвёртага ўжо не паспеў: вайна скончылася.

— Гарэлі?

— І гарэў, і падрываўся. Усё было.

— Камандзірам ці механікам? — пацікавіўся Агееў.

— Ён у нас па мехчасці, — сказаў Жалудкоў. — І цяпер шафёрыць у Сельгастэхніцы.

— Значыць, пайшла на карысць франтавая вывучка, — сказаў Агееў.

Жалудкоў падхапіў:

— І Скараходу вунь таксама прыгадзілася. Ды яшчэ як! Да рэдактара газеты дайшоў. І цяпер яшчэ няштатны ў абласной нашай.

— А табе зайздросна? — зыркнуў на яго Скараход.

— А мне што! Мая спецыяльнасць пасля вайны кату пад хвост. Я — куды пашлюць. Дзе толькі не быў…

— А цяпер дзе? — запытаўся Агееў.

— Цяпер бандарным цэхам камандую. У прамкамбінаце. У мяне ж і Сямёнаў рабіў. Да апошняга свайго дня. За станком і сканаў — клёпкі спушчаў.

— Знаю, — сказаў Агееў. — Тожа чалавек нялёгкага лёсу. Трохі расказваў.

— Мабыць, не ўсё расказваў. А як восем гадоў белых мядзведзяў пасвіў, не расказваў?

— Гэтага не.

— Гэтага ўжо не раскажа… Панёс з сабой.

— Кожны чалавек нешта ўносіць з сабой, — глыбакадумна зазначыў Скараход. — Чалавек — гэта цэлы свет, пісаў Хемінгуэй.

— Можа, і добра, што ўносіць, — буркнуў Жалудкоў.

Побач незадаволена заварушыўся Еўсцігнееў.

— Не, я не згодны. Няма чаго ўнасіць. Калі ты чалавек чэсны, прыйдзі і раскажы. Калектыў зразумее. І паможа.

— А што, калі на душы такое, што не зразумее? І не паможа? — упарціўся Жалудкоў.

— Тады пракурор зразумее, — заўсміхаўся Хаміч. — Гэты самы панятлівы.

Еўсцігнееў надзьмуўся і раздражнёна загаманіў:

— Ты не скалься, Хаміч! Я дзела кажу, а ты свае жарцікі. Харошы калектыў заўжды зразумее. Нават калі ў чым і памыліўся. І паможа выправіцца.

— Вунь як Сямёну, — ціха кінуў Хаміч.

— А што — Сямёну? Сямён і не думаў спраўляцца. Ён знаў сваю соску сасаць.

— Во таму і сасаў, — сказаў Жалудкоў, — што ніхто не памог, калі трэба было. Ён жа ў цябе рэкамендацыю прасіў? Прасіў. Ты яму даў?