Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5» онлайн - страница 4
Васіль Быкаў
Наогул, у гэтым атрадзе Сцёпку не шэнціла ўсю зіму. Пачалося з таго, што яго зблыталі з адным сувязным, таксама па прозвішчы Таўкач, які недзе выдаў атрадных разведчыкаў і за якім палявалі партызаны. Пакуль разабраліся, мусіў з тыдзень пасядзець у замкнёнай зямлянцы. Потым яго выпусцілі, але на першым жа заданні ў Астапаўшчыне здарылася бяда. Невялічкая група іх заначавала тады ў пуньцы, Сцёпка звечара стаяў на варце і толькі, змяніўшыся, прыдрамаў у сене, як на вёску наляцелі паліцаі. Хлопцы гародамі ўцяклі ў лес, а яго пабудзіць, мусіць, забыліся. Давялося да паўдня, не варухнуўшыся, пастаяць ля шула за варотамі крокаў за дзесяць ад п’яных бобікаў, якія атабарыліся ў гумне. Калі ж назаўтра ён прыйшоў у атрад, усе вельмі здзівіліся яго неверагоднаму выратаванню. Вядома, нейкі час Сцёпку падазравалі, выклікалі да начальства, слухалі яго кароткі расказ, верылі і не верылі. Пасля, калі гэтае падазрэнне крыху ўляглося, яму не стала адбою ад Трушэцкага, надта вострага на язык партызана з Полацка, які не мінаў ніводнага выпадку, каб паздзекавацца з хлопца. Неяк, не стрываўшы кпінаў, Сцёпка выцяў зласліўца вінтоўкай па галаве, за што тут жа быў надзелены мянушкай Псіх — самаю крыўднаю з усіх, якія ён меў за сваё васемнаццацігадовае жыццё.
У ранейшым атрадзе — імя Варашылава — жылося яму куды лепей, там ён быў ледзь не самы стары партызан, са стажам, не дужа меншым чым у самога камандзіра атрада лейтэнанта Круцікава. Праўда, там яго таксама дражнілі, ды ўсё ж мянушкі былі больш людскія: Белы — гэта за валасы ды бровы, а яшчэ Здыхля — маўляў, што худы, хоць худых і без яго ў атрадзе было нямала. Але там ён адчуваў сябе не горшым за іншых, раўнапраўным байцом, не тое што тут, у гэтых чапаеўцаў. На жаль, тагачаснае жытло яго беззваротна мінулася, пакінуўшы адны ўспаміны.
Сцёпка крыху адпачыў, але не спяшаўся ўпрагацца ў нялёгкую пастылую працу і задуменна калупаў трэскай у боце. Самае найгоршае было, вядома, не ў змене атрадаў і нават не ў адносінах да яго партызан. Хлопцы, зразумела, часам нахабнічалі над ім, маладым і слабасільным, але рабілі гэта без асаблівае злосці, хутчэй дзеля пацехі. А вось начальства, — тое жартаў не знала. З начальствам партызан Таўкач быў у даўнім застарэлым канфлікце, прычыны якога з розных бакоў вызначаліся неаднолькава.
Сцёпка лічыў, што да яго прыдзіраліся, а начальнікі прытрымліваліся тае думкі, што Таўкач разгільдзяй, на якога патрэбна строгасць. Прынамсі, так гаварыў узводны Бойчанка, калі скардзіўся на яго камандзіру атрада за самаўпраўства з высялкоўскім старастам. За разгільдзяйства лаяў яго начальнік штаба, калі ён, пераведзены ўжо ў гаспадарчы ўзвод, упусціў прадуктовую карову. Атрад тады выходзіў з блакады, гаспадарнікі з вазамі і параненымі прабіраліся па нейкіх раўках ды балацявінах, ля шашы іх усё ж падпільнавалі карнікі, усчаўся абстрэл трасіруючымі, і чорная порсткая рагуля — жывы прадуктовы запас — так ірванулася з рук, што толькі ён яе бачыў у прыцемках. Калі перайшлі шашу, мусіў з абарваным павадком з’явіцца перад разлютаваным начальнікам штаба. Думаў, гэта для яго кепска скончыцца. Але навакол было поўна карнікаў, і партызаны таіліся, баючыся хруснуць галінкай.