Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
Прыцяўшы дыханне, Сцёпка, аднак, злавіў на слых ціхенькія гукі, якіх спярша не адгадаў нават, а пасля неяк само сабою між думак стала зразумела, што вартавы стругае палачку ці можа дубчык: чутны былі ціхае шорханне нажа, мах рукі. Пасля ён пачуў і лопат дубца аб прысыпаны ігліцаю дол. I хлопцу раптам да душэўнай сутаргі захацелася туды, на волю, хоць азірнуцца, паглядзець на бакі з краю ямы, вылезці з гэтага сырога, прасмярдзелага трухлявай саломай і зямлёй дна.
Але ён знае, што, пакуль не прыедзе камісар, ніхто яго адсюль не пусціць.
Між тым, на сцяжыне пад елкамі спярша невыразна, а потым усё гучней раздаюцца чыесь шырокія крокі, чуецца шорхат скранутых галін, мернае пабразгванне ў такт кроку — зброі ці чаго ў кішэні. Паблізу, чутно, мусіць, устае вартавы, ударамі далоні абтрасае падол світкі; рэзка пстрыкае складанчык. Сцёпка спазнела здагадваецца: ідуць сюды. Можа па яго? Ён чакае гэтага і гатовы ўжо узрадавацца, але замест адпаведных для такога выпадку слоў чуе іншыя.
— Ну, ідзі надрубай, — чуваць здаля роўны голас задаволенага сабой і, пэўна, не галоднага ўжо чалавека. Нечакана блізка і хрыплавата адгукаецца вартавы:
— Што там? Зноў ячная? — Не, зацірка з садам.
— Ну, усё лепей. А то гэта ячная ўжо ў бруха не лезе.
— Палезе. Ну, як твой бандыт? — раптам пытаецца новы вартавы.
— Ціхі, як мыша. Спіць усё.
— Ціхі, кажаш?
Галасы незнаёмыя, — мусіць, хтось з новых. Сцёпка адчувае, што ідуць сюды, і, сеўшы, робіць незалежны выгляд, насупліваецца, ледзьве адольваючы невыразную, шчымлівую трывогу.
Над краем ямы з’яўляюцца дзве галавы. — адна ў шапцы, другая ў нямецкай пілотцы, а пасля і боты — трафейныя, падбітыя шыпамі,— гэта ў таго, што змяняе. Той, што адстаяў, месціцца далей, і Сцёпка бачыць яго да пояса.
— Прывет! — з пераігранай добразычлівасцю кідае новы вартавы, цікаўна абмацваючы яго нязлымі вачамі. Сцёпка паволі апускае голаў — яму не да жартаў і бязглуздых размоў. Вартавы, мусіць, разумее гэта і зганяе з твару усмешку.
— Нічога. Камісар, разбярэцца. Ты з чые роты?
— А табе што? — ціха кажа Сцёпка і ўзнімае дакорлівы позірк.
— Ды так.
— Што ты яго дапытваеш? — нецярпліва пераступае другі.— З чыёй бы ні быў, цяпер яго дзела труба. Расстрэл будзе.
— Ну, чаму ўжо і расстрэл? А калі змякчаючыя абстаяцельствы? Пашлюць на жалезку, іскупіць віну і будзе бегаць, — з бадзёрай упэўненасцю гамоніць вартавы.
Сцёпка прыслухоўваецца і ўзіраецца ў гэтага чалавека: ён не стары яшчэ, каржакаваты і — па гаворцы чуваць — не тутэйшы. Мабыць, з акружэнцаў ці з былога раённага начальства. Хлопец ужо гатоў павесялець, як у голасе вартавога адзначае ноткі няшчырасці, хутчэй — бяздумнае абыякавасці, і зноў тупіць свой позірк.
— Прыедзе камісар — ён яму пакажа «змякчаючыя».
— Нічога. Галоўнае — не дрэйф. Калі што — моў, пад мухай быў. А пад мухай — яно ўсё магчыма.
Яны паварочваюцца і знікаюць. Раздражненае напружанне ў Сцёпку патроху слабее — трываць гэтую гаману яму ўжо рабілася не пад сілу. Што б там ні чакала яго, абы толькі скарэй. Хлопцу ўжо здаецца, што ён сядзіць тут доўга-доўга, і ягоныя ўстрывожаныя пачуцці то прыглушваюцца ўспамінамі, то абуджаюцца да нясцерпнасці. Мусіць, лепш, калі ён адзін і ніхто не дакучае ні пагрозамі, ні непатрэбным цяпер суцяшэннем. Сцяўшыся ад золкасці, ён прытыкаецца плячом да вогкае земляной сцяны, адну да другой горне азяблыя ступні — нагам так робіцца нібы цяплей.