Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
— Тоўкач!
Сцёпка ўздрыгнуў і азірнуўся: адхінаючы рукой голле, праз кустоўе ішоў Маслакоў — падрыўнік, колішні кадравы чырвонаармеец, з якім аднойчы зімой Сцяпан хадзіў на чыгунку. Апошнім часам Маслакоў залечваў у санчасці параненую руку і калі-нікалі наведваўся да іх у гаспадарчы ўзвод.
Трохі здзіўлена пазіраючы на падрыўніка, Сцяпан маўчаў, не цямячы, навошта спатрэбіўся. Рука ў Маслакова была ўжо без почапкі, аднак, ідучы, ён кратаў ёю засцярожліва, на далоні ўсё яшчэ бялеў замызганы бінт павязкі. Падрыўнік падышоў бліжэй — тонкае голле алешніку пругка прашоргала па яго расшпіленай зялёнай ватоўцы.
— Ну, як жысць, Тоўкач?
Сцёпка памаўчаў, не ведаючы, як аднесціся да гэтага пытання: каму не вядома, якое жыццё ў гаспадарчым узводзе, ля кухні. Было падобна, што Маслакоў жартуе, але ў тоне і выглядзе яго, здаецца, не было ні здзеку, ні нават іроніі; як заўжды, добрая, ледзьве прытоеная жартоўнасць бруіла на яго смуглым твары. I Сцяпан сказаў абыякава:
— Ды во — дровы запашу.
Нагою ў спраўным яшчэ, намазаным лоем кірзавым боце Маслакоў наступіў на крывы камель дравіны, вяршаліна якой, бы жывая, коратка варухнулася ў доле.
— Ну і алешына! I ты адзін цягаеш?
— А хто ж яшчэ?
— Не жыццё, а катарга! — спачувальна заключыў Маслакоў і павярнуўся да хлопца. — Слухай, а ў мяне да цябе справа.
Сцяпан з нецярплівай цікаўнасцю знізу ўгору зірнуў на Маслакова. Калі той яшчэ толькі аклікнуў хлопца, Сцёпка адчуў, што гэта не так сабе — што ён нясе навіну і што навіна гэтая неблагая. Таму ён цяпер на ўсе вочы глядзеў на падрыўніка, а той нейкі час нібыта вагаўся ў нерашучасці: на твары яго ўсё блукала стрыманая ўсмешка.
— Сходзім на адно дзела. З музыкай.
Невядома чаму, але Сцёпка ўжо адчуваў, што будзе іменна такая прапанова. Гэта было куды як зманліва — схадзіць з Маслаковым на баявое заданне, ды яшчэ «з музыкай». А то ён апошні час калі і вырываўся куды, дык то па бульбу на які-небудзь хутар, то па сена ў лугі, а аднойчы вазіў трафейны брызент у суседні атрад. На заданні яго не пасылалі.
Але Сцёпка ўспомніў сваё становішча ў гаспадарчым узводзе і тут жа апанурыўся.
— Кляпец хіба пусціць!..
— А куды дзенецца?
— Ты гаварыў з ім?
— Камандзір пагаворыць. Выкліча, загадае, і ўвесь разгавор, — без ценю сумнення сказаў Маслакоў.
Сцёпка, аднак, паныла махнуў рукой.
— Ну, камандзір не заступіцца…
Маслакоў нецярпліва пераступіў на месцы, таўхануў на плячы новенькі, з паліраваным прыкладам ППШ.
— Ладна. Гэта маё дзела. Ты кажы: згодны?
— Ну.
— Дык патопалі. Часу мала.
Яшчэ не верачы, Сцёпка валюхаста ўстаў на ногі, падабраў з долу вінтоўку, глыбей за дзягу зашчаміў сякеру. Маслакоў аднаруч ухапіў дзве дравіны і імкліва пашыбаваў у хмызняк — напрасткі да недалёкае ўжо кухні. Сцёпка заспяшаўся следам. Насуперак сваім невясёлым апасенням, ён памалу стаў паддавацца бадзёрай упэўненасці падрыўніка і амаль ужо верыў, што лес нечакана павярнуўся да яго лепшым бокам. Але яшчэ не знікла і сумненне. Сцёпка надта добра ўяўляў сабе, як сустрэне гэтую навіну Кляпец, якому вечна не хапае людзей на кухні, ды і тыя ў яго заўжды гультаі і разгільдзяі. Аднак Маслакоў, мабыць, тым ніколькі не клапаціўся. Азірнуўшыся, падрыўнік сказаў: