Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5» онлайн - страница 3

Васіль Быкаў

Непадалёк у алешніку сякуць дровы — мабыць, на кухню, чуюцца непаспешлівыя ўдары, кароткі хруст дрэва, шорхат галля; часам тонка адзвоньвае сякера. Так і ён сек два дні назад і, мабыць, сек бы і цяпер, і заўтра, і жыў бы, хоць і не дужа весела, але ўжо напэўна без гэтых непрыемнасцей, якія горш за рану, а можа і за самую смерць, калі ў баі. I трэба ж было яму паперціся на тое заданне… Ён і дагэтуль не разумее, ці сапраўды Маслакоў яго шукаў, каб узяць у групу, ці можа выпадкам напаткаў у лесе і паклікаў.

Зрэшты, на Маслакова ён крыўды не мае — той усё рабіў з найлепшым намерам. Ці яго віна, што многае абярнулася такім чынам…

2

Тады ён, ссекшы некалькі альховых дравін, вяртаўся на кухню.

Нятоўстыя тыя дравіны аказаліся на дзіва цяжкія. Сцёпка іх спярша нёс, пасля валок за набрынялыя вясновым сокам камлі. Вяршаліны і няроўна абсечанае суччо дралі прэлую залеж леташняга лісця, чапляліся за хмызняк і ядловец. Камлі ж дык адрывалі рукі. А тут яшчэ вінтоўка на даўгаватай вераўчанай почапцы — яна біла прыкладам між ног, замінала ісці, і хлопец, добра прытаміўшыся, кінуў дравіны, трохі не давалокшы да кухні. Потым, памарудзіўшы, і сам стомлена апусціўся на дол у рэдкім яшчэ, з дробнымі лісткамі, альшэўнічку збоч сцежкі. Было цеплавата і зацішна, ён угрэўся, пад суконным мундзірам ажно прыпацеў карак. Сцёпка расшпіліў каўнер, кінуў на дол пляскатую рудавухую шапку, ад мокрай падшэўкі якой ішла пара. Некалькі хвілін хлопец, сапучы, аддыхваўся і думаў, што шапка — не бяда, як ні дзіўна, разам з яго галавой дажыла да цяпла і яшчэ, мабыць, паслужыць. Таксама як і руды, гузікасты, з чатырма кішанямі венгерскі мундзір, і чорныя, прашытыя кантам, паліцэйскія штаны. А вось з ботамі яму не пашэнціла. Боты развальваліся. Левы ён ужо з тыдзень насіў звязаны кавалкам чырвонага нямецкага кабелю, а правы не было як і звязаць: перад амаль увесь згніў. У ботах было мокра, ногі заўсёды стылі. Мусіць, з тае прычыны хлопца стала дапякаць скуллё — па баках, на сцёгнах, а цяпер вось яшчэ і на шыі — абляпіла так, што не павярнуць галавы.

Зрэшты, з ботамі ён быў вінаваты сам: мог сцягнуць з немца, якіх тады багата валялася на дарозе пасля ўдалай засады, звычайныя салдацкія, а не квапіцца на афіцэрскія. Афіцэр гэты падвярнуўся яму ў канаве, куды Сцяпан папярэдне шпурнуў гранату; і тут жа, не трацячы часу, хлопец зняў з яго дзягу, да якой была прычэплена цвёрдая скураная кабура парабелума і гэтыя вось боты. Парабелумам, аднак, ён пакарыстаўся нядоўга — мусіў уступіць новаму начальніку штаба, які меў нейкі старасвецкі даўгаствольны наган. Дзягу аддаў узводнаму Бойчанку, бо ў Сцёпкі і старая была някепская. А вось на хромавыя боты, занадта шыкоўныя для ляснога жыцця, ахвотнікаў памяняць не знайшлося — мусіў насіць. Пакуль не данасіўся да рэшты.