Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1» онлайн - страница 4

Васіль Быкаў

А. А.: Гавары, гавары…

В. Б.: Апроч таго, па дарозе ў школу і са школы можна было бачыць памежнікаў, якія ўсё кудысь ехалі — конна, групамі па два, з вінтоўкамі і шашкамі, у прыгожых скрыпучых сёдлах. Камандзіры жылі ў мястэчку.

А. А.: З сем’ямі ці?..

В. Б.: З сем’ямі, канешне. Далей, памежнікі часам паказвалі кіно — у мястэчку і ў вёсках, ну як бы шэфы. На нейкае свята на местачковай плошчы наладжвалі, памятаю, джыгітоўку на конях, шашкамі секлі лазу. Усё тое было цікава. А ўлетку купалі коней на Камароўскім возеры, мы памагалі. Не абыходзілася, канешне, без сумных падзей. Часам, памятаю, неяк узімку прымчалася пагранічнае начальства і ўсіх мужыкоў выгналі ў засады — пільнаваць парушальнікаў мяжы.

А. А.: А ўзбройвалі мужыкоў ці не?

В. Б.: Не, проста яны сядзелі ў кустоўі і падавалі сігнал, калі заўважаць каго. У канцы 20–х — пачатку 30-х з Польшчы па гэты бок ішло нямала народу, у асноўным моладзь. Як цяпер разумею, пасля разгрому кампартыі і камсамола, хлопцы ішлі вясёлыя, нават з гармонікамі — як жа, яны вырваліся з-пад панскага гнёту ў новы свет.

А. А.: У новы свет?

В. Б.: Так ім здавалася. Мы бачылі, як іх вядуць ранкам з застаў у камендатуру, і яны пасміхаліся. А пасля, як ужо мы ішлі са школы, іх на аўтамашынах везлі далей, і рукі іх былі закладзены назад ці, можа, звязаныя, яны не пасміхаліся. Аднойчы на мяжы нехта забіў пагранічніка, і яго хавалі ўсім раёнам на кірмашовай плошчы ў Кублічах. (Як цяпер разумею, забілі таго не абавязкова палякі ці парушальнікі, а зусім магчыма пасля разгрому кампартыі і камсамола свае ў мэтах прафілактыкі, як гэта яны здаўна рабілі ў нас.) Усё тое афарбоўвала маё дзяцінства ў часам ненатуральныя, звыродлівыя колеры. Асабліва, калі мець на ўвазе некаторыя наступныя падзеі… Школа ў вёсцы арганізавалася на мяжы 30-х гадоў, гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце.

Хата тая і дасюль стаіць, пасля вайны ў ёй жыў мой брат Мікола. А тады гаспадары проста перасяліліся ў трысцен, а большы пакой аддалі пад школу. Там паставілі два даўгія сталы і сабралі чалавек пятнаццаць…

А. А.: Падшыванцаў?

В. Б.: Ну, якія падшыванцы, драбната. Настаўнікам быў Антон Васільевіч Аўласенка з вёскі Дарошкавічы. (Дарэчы, ягоная дачка жыве ў Менску, замужам за старэйшым Машэравым.) Я ўжо казаў, што ўсе мае сябры былі старэйшыя за мяне і пайшлі ў школу раней, а мне толькі шэсць год. Сяджу адзін дома. А ў школе штось адбываецца цікавае, і я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку і павёў да настаўніка. Пагаварыў там з ім, і Антон Васільевіч кажа: хай ходзіць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, якога я ўжо згадваў, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацінку, уставіў туды пяро…

А. А.: Зрабіў ручку.

В. Б.: Так. І пачаў я вучыцца. Відаць, да гэтага часу, а можа, трошкі раней і адносіцца маё знаёмства з мастацкай літаратурай.

А. А.: Пачакай, ты згадваеш Валодзю Галавача, але ты пра яго не гаварыў да гэтага.

В. Б.: Ён мяне на возера вадзіў.

А. А.: А, гэта той хлопец…

В. Б.: Той самы. Дарэчы, цяпер ён жыве ў суседніх Селішчах. (Памёр у 1999 г.) Пачаў я тады вучыцца. Яшчэ чытаць не умеў, і першы мастацкі твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакаміты «Гой» Міхася Лынькова — і плакала Рыва… А ў школе… Прынёс неяк настаўнік некалькі кніжак дзіцячых, пачаў раздаваць для чытання — на табе, на табе… Мне дасталася тоненькая кніжачка, казка «Царэўна-лягушка», а Валодзю — «Канёк-гарбунок». Гэта была мая першая школьная крыўда — не хацеў я чытаць пра «лягушку» — хацеў пра каня-гарбунка, абдзяліў лёс на першым этапе. У другі клас пайшоў ужо ў другую вёску — у Двор Слабодку, гэта трошкі далей, але школа там была лепшая, у былой панскай сядзібе. Пад школу адвялі палову панскага дома з верандай, кафельнымі грубкамі і вялікімі вокнамі. Вучыў нас, малых, малады настаўнік Сцяпан Рыгоравіч Троцкі, а таксама ягоны калега Крацёнак. Першы цяпер на пенсіі, доўга працаваў у Браславе. Быў вясёлы, нязлы, мы яго любілі. Ён вучыў, здаецца, адну зіму. Пасля прыйшоў другі — Сяргей Сцяпанавіч Новікаў, паходжаннем з нашае вёскі. Гэта ўжо быў супрацьлегласць ранейшаму, даволі строгі чалавек, парцеец, ён арганізоўваў калгасы ў нашай акрузе і загінуў у партызанах, у час знакамітага іх разгрому, названага пасля «прарывам». У яго была свая, партыйная сістэма навучання, вельмі ён напіраў не на мову ці арыфметыку, а на грамадазнаўства, ну, на гісторыю таксама. У пакоі, дзе мы вучыліся, было два класы — два рады партаў. Калі ў адным класе вусны ўрок, дык у іншым пісьмовы, значыць, самастойны. Ды бывала так, што я свае задачы хуценька парашаю і сяджу слухаю, пра што ідзе гаворка ў старэйшым класе. Неяк так сталася, што некалькі разоў, калі там ніхто не можа адказаць на нейкае пытанне настаўніка (памятаю, нешта пра Парыжскую камуну), дык я паднімаю руку, і Сяргей Сцяпанавіч мяне выклікае, а пасля сарамаціць старэйшых за тое, што яны не ведаюць. Вось так я паактыўнічаў пару разоў, і настаўнік кажа: няма чаго там табе сядзець, перабірайся сюды. Так сярод зімы ён перавёў мяне ў чацвёрты клас…