Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1» онлайн - страница 3

Васіль Быкаў

А. А.: Усё назаві. Імя бацькі, імя па бацьку.

В. Б.: Уладзімір Хведаравіч. Гэта, можа быць, самае нешчаслівае пакаленне, як я цяпер разумею, якое за ўсё сваё жыццё шчасця не знала. Адно бязладдзе, рэвалюцыі, войны. Ды калектывізацыя. Ды барацьба з ворагамі народа… Голад, кроў і пакуты.

А. А.: Бацька патомны селянін?

В. Б.: Так, селянін, але таксама хадзіў на сезонныя заробкі ў Латвію.

А. А.: Зямлі было мала?

В. Б.: Зямлі было мала, казалі тады — два надзелы. У маладосці бацька служыў чатыры гады ў царскай арміі, у Гародні, дарэчы, дзе пасля і мне давялося жыць. Толькі прыйшоў са службы, пачалася Першая сусветная вайна, быў змабілізаваны ў самсонаўскую армію, недзе ў Аўгустоўскіх лясах трапіў у палон і апынуўся ў Нямеччыне. Працаваў у баўэра. У палоне, казалі, было па-рознаму, як дзе і каму. На заводах і ў шахтах дык дужа кепска, а ў прыватных гаспадароў дык, здаралася, і нішто. Канешне, трэба было рабіць, але немцы кармілі, апраналі, неяк клапаціліся аб працаўніках, не тое, што пасля на радзіме, у калгасах. Бацька пасля часта ўспамінаў свой палон добрым словам, што у мяне, вечна галоднага падлетка, выклікала непаразуменне і зайздрасць. Зразумеў надта пасля. Ну, і яшчэ бацька быў на Грамадзянскай вайне, наступаў на Варшаву. А маці паходзіла з вёскі, якая апынулася па той бок мяжы.

А. А.: Засталася пад Польшчай?

В. Б.: Засталася пад Польшчай. Там праз паўтара кіламетра ад мяжы яе родная вёска Завулак…

А. А.: Маму тваю як звалі?

В. Б.: Ганна Рыгораўна. За мяжой застаўся яе брат, той, што лавіў рыбу, яна ўвесь час па ім гаравала, як агітатары распавядалі, што працоўныя ў Польшчы гібеюць без правоў і без хлеба. Для нас, дзяцей, гэта таксама была нейкая драма, спасцігнутая ў надта раннім узросце. Я быў старэйшы. Праўда, была яшчэ старэйшая за мяне сястра Антуніна, але яна памерла ў пятнаццаць гадоў… Пасля мяне нарадзілася сястра Валя, а ў 30-м годзе — брат Мікола (памёр у 2000 г.).

Ну, калі яшчэ казаць пра бацькоў… Бацька быў даволі строгі да нас, дзяцей, увогуле мы яго пабойваліся. Маці ж наадварот — дужа мяккая і жаллівая, я ніколі не чуў ад яе гучнага слова — усё з ласкай і добрасцю. І я лічу, што гэта кепска.

А. А.: Чаму?

В. Б.: Ну, ведаеш, жыццё ўсё ж бязлітасная штука, і да яго патрэбна загартавацца характарам. Я ж засвоіў ад маці занадта мяккага, што мне пасля і перашкаджала — на вайне і пасля вайны. Асабліва ў арміі, дзе найперш цэніцца звераватасць характару. Мабыць, трэба яшчэ зазначыць, што вёска наша была за якіх-небудзь два кіламетры ад мяжы з Польшчай. Канешне, гэтая абставіна накладвала свой адбітак на шмат што — побыт, палітыку, самаадчуванне людзей.

А. А.: Вы лавілі шпіёнаў і вас лавілі як шпіёнаў?

В. Б.: Так. Абсалютна правільна. Вельмі часта, дарэчы. І ў мяне шмат рамантычнага па маладосці, а таксама драматычнага звязана з мяжой. У Кублічах побач са школай была пагранічная камендатура. А каля нашага школьнага двара — канюшня і цір ці стрэльбішча, дзе пагранічнае начальства страляла з рэвальвераў. Апроч таго… Круціцца?