Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1» онлайн - страница 2

Васіль Быкаў

А. А.: А яны выпаўзаюць…

В. Б.: А яны выпаўзаюць, нават страшнавата робіцца. А то засунеш руку ў падмытае карнявішча на беразе, а ён — за палец і цягнеш яго. Трохі далей у балоцістым беражку жылі бабры, ладзілі сабе хаткі, і часам можна было бачыць (асабліва ўвечары), як яны плывуць, што-небудзь цягнуць да свайго жытла. Ну вось, гэта адно возера…

(Цікава будзе зазначыць, што за час, які мінуўся з моманту маіх першых уражанняў ад возера, шмат што — калі не ўсё — у наваколлі змянілася. Не стала прыазёрных вёсак, пабурыліся ў вайну, ды так і не аднавіліся мястэчкі, паадыходзілі ў іншы свет людзі. А возера ніколькі не змянілася. Усё той жа бераг, тыя ж яго абрысы, водмель і лапіклы трыснёгу побач. І нават тры старыя алешыны на беразе як раслі на пачатку мінулага стагоддзя, так растуць і цяпер. І той бераг такі ж круты і лясісты, недаступны ні зімой, ні улетку. Сапраўды, неўміручае і нават нязменнае наша мілае азярко, якое я буду любіць да скону дзён.)

А. А.: Быў дваццаць дзявяты год, калі лічыць…

В. Б.: Так, прыкладна так. Ва ўсякім разе, яшчэ да калгасаў.

І зноў жа іншае ўражанне таксама ад возера, але ад іншага.

Яшчэ там трохі далей праходзіць дарога з Кубліч, мястэчка, да якога кіламетры тры.

А. А.: Прабач, дык у вас азёры, мабыць, неяк называлі — лясное, такое, такое. У нас, як казалі, што ідуць на рэчку, дык гэта проста рэчка, у горад — гэта Бабруйск, горад без усякай назвы. А ў вас назвы…

В. Б.: Возера, пра якое кажу, называецца Белякоўскае — па назову бліжняй, дарэчы, уцалелай за вайну вёскі. Але гістарычны назоў ягоны — Гарадзень, паводле памянёнага мной капішча. А другое, пра якое я зараз раскажу, — Камароўскае. Вялікае, з астраўком і побач, бы спарыш, меншае. А паміж імі па мастку праходзіць дарога. І вось памятаю, гэта таксама яшчэ ў дваццатыя гады, калі аднаасобна жылі, прыйшло нейкае свята, магчыма, Сёмуха, паехалі мы сям’ёй у Стайкі на нейкае набажэнства. Казалі, архірэй прыехаў. І вось ехалі з Кубліч па гэтай дарозе, а з гары конь панёс, і мне, малому, здалося, што якраз той кіруе ў самае возера. Дужа спалохаўся. А возера таксама прыгожае, на астраўку менскія археолагі раскапалі стаянку неалітычнага чалавека…

А. А.: А можа, пра сям’ю раскажаш?

В. Б.: Зараз…Трэба б чагось выпіць, прамачыць горла.

А. А.: Прамачыў? Каб дакладна. Бацька, маці, браты, сёстры… А можа, дзед і бабка?

В. Б.: Дзед і бабка?

А. А.: Што, не памятаеш?

В. Б.: Няшмат, але што памятаю. Так, адзін дзед быў патомны рыбак, усё жыццё лавіў рыбу. Тую справу перадаў сыну, брату маёй маці Лявону, які таксама лавіў рыбу. Другі дзед быў селянін-адыходнік, сезонна рабіў на прамысловых прадпрыемствах у Курляндыі, там жа пад канец жыцця выбіўся ва ўпраўляючыя цагельнага завода. Баба жыла ў вёсцы, але рана памерла, вялікіх уражанняў па сабе не пакінула. Бацькі ў мяне…