Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1» онлайн - страница 11
Васіль Быкаў
«Ну і хай! — лежачы на сваёй раскладусе, няпэўна думаў Ступак. — Кілер, па крайняй меры, гучыць. А то — тля! Я табе ня тля, ты яшчэ пазнаеш, хто я. Ня тое, што гэтыя дэмакраты. Наладзілі фэст, выйшлі, бы да касьцёлу. Не хапала музыкі. А ён на іх — гэтых двухногіх шакалаў у брані. Далі, аж пыл закурэў. Адлупілі, разагналі, пахапалі… Цяпер будуць хадзіць да пракурора, апраўдвацца. Быццам пракурор не заадно з імі. Пракурор, можа, сам лупіў са шчытом, у камізэльцы. А што? Пад каўпаком не відно, не пазнаеш, хто цябе нявечыць. Усе яны — адно кодла. Не, так не даб’ешся нічога. Трэба яго стрэльнуць. А там будзь, што будзе. Чым так тухнуць у сьмярдзючым гаражы… Здохнеш і ня хутка здагадаюцца, што памёр. Як тая бабуся з першага пад’езду, што тры тыдні праляжала ў зачыненай кватэры. Пакуль суседзі ня ўнюхалі»…
Так, яму вельмі патрэбная зброя.
Але найперш, мусіць, трэба было прыдбаць грошы. Бяз грошай ні чарта ты ня зробіш, самадзейны кілер-адзіночка, нявесела думаў Ступак у ранішнім гаражным паўзмроку. Рашэньне, аднак, было прынятае, і ён не любіў мяняць сваіх нават і самых рызыковых рашэньняў. Такі ўжо быў характар. З тае ранішняй хвіліны ў яго паявілася мэта, што стала яго неадчэпным клопатам.
Ён яшчэ ляжаў у дрымоце, як знадворку пачуўся нягучны металічны бразгат паблізу, і Ступак, счакаўшы, прыадчыніў дзьверы. Крышку ўбаку стаяла «сямёрка» дацэнта Мінкевіча, якую той меўся загнаць у гараж. З гэтым інтэлігентам у Ступака не было ніякае дружбы, бо той трымаўся на адлегласьці ад астатніх, асабліва ні з кім не таварышаваў, рэдка калі ішоў на размовы. I заўсёды кудысь сьпяшаўся. «Сямёрка» яго заўжды была чысьценькая, бы сьвежа памытая, хаця ўжо і ня новая, ды і сам Мінкевіч заўжды выглядаў па сучаснай модзе — з каротка падстрыжанай бародкай, у акулярах з тонкай аправай, ён зірнуў на Ступака і павітаўся. Ступак, каб пачаць размову, папрасіў закурыць, і той мусіў затрымацца ля расчыненых дзьвярэй гаража.
— Вы не маглі б мне пазычыць?
— Колькі? — спытаў Мінкевіч, з гатоўнасьцю дастаючы кашалёк. — На паўлітру?
— Трэба больш. Баксаў пяцьсот, — адважна вымавіў Ступак, аж зьдзівіўшыся сваёй адвазе.
— Ого! — шчыра зьдзівіўся дацэнт. — У мяне зарплата трыццаць баксаў у месяц.
— Дрэнна жывяцё, — паныла зазначыў Ступак. — А можа, ведаеце, каму гараж можна б загнаць?
Мінкевіч паціснуў плячыма.
— Дайце аб’яву ў газету. Цяпер жа там вунь колькі аб’яваў. Ці папытайце ў Валынца. Ён жа займаецца аўтабізнэсам…
Валынца Ступак збольшага ведаў, той жыў у суседнім доме, нядаўна скончыў еўрарамонт кватэры, пад якую адкупіў ледзьве ня ўвесь паверх замызганай хрушчоўкі. Цяпер любавацца на яго люстраныя, з мядовым адлівам вокны ў дзюралевых рамах зьбіраўся ўвесь падворак. Унізе ля пад’езду часьцяком стаялі «Вольвы», «БМВ» ды «Мерседэсы» нярэдка з замежнымі нумарамі. Гэта быў тыповы «новы беларус», і Мінкевіч меў рацыю. Гараж варта было прапанаваць Валынцу.