Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
На сваім падворку сярод знаёмых і незнаёмых ён, аднак жа, маўчаў. За жыцьцё ён не прывык выказвацца, асабліва наконт улады, ведаў, лепей язык трымаць за зубамі. Так некалі вучыў яго бацька, вучылі ў камсамоле, затым у войску і ў партыі, з якой ён лічы што выбыў у памятную восень дзевяноста першага. Партбілет, праўда, тады не спаліў — сунуў пад бялізну ў жончынай шафе, хай ляжыць. Мабыць, ляжыць і цяпер.
Аднойчы ён добра набраўся з хлопцамі на саракавінах інваліда, таксама афганца, што да пары згарэў ад гарэлкі, і ўначы ледзьве дабрыў да свайго жытла. Уранку прачнуўся, пачуваў сябе надта паскудна, балелі галава і сэрца, зусім не хацелася жыць. Неяк дачакаўшыся, пакуль разьвіднее, устаў, прыладзіў пад стольлю пятлю з капронавага буксіру, на сярэдзіну гаража пасунуў табурэтку. Толькі хацеў стаць на яе, як у дзьверы ціха пастукалі, і ён зразумеў: то быў хтосьці з сваіх. Адпіхнуўшы ўбок табурэтку, расчыніў дзьверы — насупроць стаяў сусед, малады хлопец Аляксей, пытаўся струбцыну, заціснуць шарнір. Ступак мусіў падацца ў свае цёмныя закуткі, шукаць струбцыну. Стоячы пасярод гаражу, Аляксей пытаўся: «А што гэта — вяроўка ў вас?» — «Ды так, прывязваў нешта», — схлусіў гаспадар замагільным голасам, бы вяртаючыся з таго сьвету. Пасьля, як хлопец пайшоў, ранейшая рашучасьць яго і зусім зьнікла, засталася толькі ўсеадольная прыкрасьць. 3 расплюшчанымі вачыма ён праваляўся паўдня на раскладусе, а затым пабрыў да піўнога ларка, дзе доўга чакаў першага знаёмага. Ледзьве дажыў той дзень да вечару.