Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
Зрэшты, можа, тое была адна балбатня, можа, ніхто б яго і не падпаліў у гаражы, і ўсё абышлося б. Неяк сьцярпелася б і ў гаражы — небаксаў, што выручыў вясной за свой 412-ы «Масквіч» — з гэтага ж гаража. Тады здавалася, васьмісот баксаў хопіць надоўга, усё ж гэта былі немалыя грошы; гэтак жа лічылі і сябры-суседзі, што вечарком прысаджваліся ў ягоным ацусьцелым гаражы да засланай газеткай прамазучанай табурэткі. Суседзі ўвогуле былі неблагія людзі, яны і падбілі яго расстацца з надаедам-«Масквічом», і ўсё падказвалі агораць іншамарку, якіх на той час стала паяўляцца ў двары. Канешне, ён быў не супроць перасесьці на «Опель» ці «Мерседэс» і ўжо прыглядваўся да іх на вуліцы, ды сталася так, што ягоныя баксы скончыліся раней, чым ён выбраў патрэбную мадэль.
Да таго, што засталося, трэба было добра дакласьці, але дакласьці не было адкуль, а да жонкі ён не хацеў патыкацца. Тады ён плюнуў на ўсе іншамаркі разам і на апошнія дзесяць баксаў купіў два паўлітры, нейкую закусь і справіў хаўтуры па сваім наіўным намеры. Урэшце, можна было пражыць і без машыны — меней клопату і вальней было павярнуцца ў гаражы.
Тое, аднак, толькі здавалася — бяз грошай пражыць было немагчыма, у тым ён неўзабаве ўпэўніўся.
Калі-нікалі надвячоркам ці ў сьвяты ля гаражоў зьбіраліся іх уладальнікі, расчынялі дзьверы і пачыналі поркацца ў рухавіках ці перабіралі майно у багажніках. А то перакурваючы на падворку, пачыналі нясьпешныя размовы пра прыкрыя няспраўнасьці сваіх «Запарожцаў» ці пра бензін. Пасьля даволі працяглага перыяду бензінавага дэфіцыту, той нарэшце паявіўся на заправачных, але цэны на яго так заскакалі ўгору, што аж замільгацела ўваччу. Праўда, Ступака тое ўжо мала цікавіла, бензін яму быў непатрэбны, той клопат яго не кранаў. Яго кранала іншае: калі скончыцца гэтае бязладдзе, беспрацоўе і безграшоўе, калі ён, здаровы малады мужык, прыдбае працу і стане зарабляць на жыцьцё? Маладжавы дацэнт Мінкевіч, што езьдзіў на ніштаватай «сямёрцы», глыбакадумна даводзіў, што прычына ўсяго — у энергетычным крызісе, што трэба шукаць альтэрнатыўныя крыніцы забесьпячэньня нафтай, але ўсё ўпіраецца ў рэакцыйнае кіраўніцтва, якое арыентуецца адзіна на ўсход. Сазон Іванавіч, сівы ветэран з другога канца гаражоў, на тое імпэтна пярэчыў, што ўсё — у развале вялікай магутнай дзяржавы пад назвай Савецкі Саюз. Ягоны сусед, таксама пенсіянер, якога яны клікалі трошкі зьняважліва Плешка — за ягоную лысіну на патыліцы, звычайна гаварыў мала, але заўжды, нібы забіваў цьвік: за каго галасавалі, таго і напаткалі. Лепшага не заслужылі. Камлюкаваты Плешка ведаў, за каго галасавалі суседзі, аб тым даўно ўжо папрызнаваліся адзін аднаму ў Ступака за табурэткай, ведаў тое і Ступак, бо сам галасаваў за таго ж. Цяпер на каго было наракаць? Сьпярша ён сумняваўся ва ўласным выбары, усё думаў: справы ў дзяржаве як-небудзь паправяцца, але ішоў час, а справы катастрафічна горшалі. Тыя, што кралі, сталі красьці болей, а галоўнае — на законнай падставе. за горадам, бы на дражджах, расьлі дачы-палацы, рабочых звальнялі, бо заводы «паштовыя скрынкі» спыняліся адзін за адным, а ў тых, што яшчэ працавалі, амаль перасталі плаціць — не было грошай. Затое грошай хапала для вялізнае зграі міліцыі, АМАПу, усіх гэтых сьпецслужбаў, якія кішма-кішэлі на вуліцах сталіцы. Даведзены з галадухі да адчаю, Ступак пайшоў па дапамогу да кіраўніка таварыства афганцаў, ды той толькі разьвёў рукамі — што я магу? Грошай у мяне няма. Але ж ён па тэлевізары ўсё гаворыць, што воінам-афганцам трэба памагаць. Во хай ён і паможа, калі так гаворыць, адказаў кіраўнік. Ступак прыкруціў да пінжака свой ордэн і пайшоў у рэзідэнцыю-палац, але там яго на парозе спыніла ахова. Як ён ні даказваў ёй, што і ардэнаносец, і паранены, прайсьці ўнутр не далі. Ён аблаяў іх, а заадно і іхняга уладара і паплёўся дадому. У свой апусьцелы гараж. Усё неяк стрываў бы, каб кожнага дня не хацелася есьці.