Читать «Ціша» онлайн - страница 3
Андрэй Федарэнка
2
І гэты авальны маршрут аўтобуса, і ўсё, што знаходзілася ўсярэдзіне авала: ціхая, дачная Слабада са сваімі студнямі і пеўнямі, домікі, садзікі, агароды, дарога, лес, поле, краявід горада, і рачулка, якая таксама акружала Слабаду, нібы акальцоўвала яе, — усё было надзвычай талкова прадумана некім. А яшчэ стварала адчуванне ўтульнасці і бяспекі.
Нават тое, што бацька не жыве з імі, амаль не бывае дома, мала бянтэжыла Петрыка. Яму і так някепска жылося. Маці з бабуляй любілі яго, песцілі. Паміж сабой — у адрозненне ад Домніных сыноў — амаль ніколі не сварыліся. Домна звала нявестку «доня», а нявестка яе — «мама» і на «вы». Хіба што зрэдку, калі маці прыходзіла з парнікоў асабліва натомленая, а баба Домна, наадварот, кулікнуўшы пару чарачак «абрыкосавай», была ў прыўзнятым настроі, нявестка магла адпусціць на адрас свякрухі пару з’едлівых — кшталту: «Пры жывым мужы быць саламянай удавой… Усе сем’і як сем’і, а мой — капітан…»
Звычайна бабуля вінавата адмоўчвалася. Толькі прасіла ціха:
— Не сварыся, донечка…
— Я не сваруся, мама! Я проста так кажу! Былі б грошы — не было б клопату…
Ужо гэтыя грошы! З чаго б маці ні пачынала, абавязкова на іх збівалася. Яна нібы проста так, сама сабе, як бы паміж іншым пачынала ўпікаць бабу Домну, што тая — удава героя вайны, жонка загінуўшага франтавіка, вось цэлых адзінаццаць гадоў не хоча атрымліваць законную грашовую дапамогу, гэтак званыя «ўдовіныя».
— Гэта ж столькі грошай ляснула — падумаць страшна!
І ўсё з-за драбязы (лічыла маці), ад гонару, звычайнага капрызу. Начальства ўсяго толькі хацела перанесці прах Андрэя з слабадскіх могілак ў брацкую магілу каля аэрадрома, а Домна не давала дазволу. Прычым у такой рэзкай форме, што начальству хоць вушы затыкай.
— Адступіцеся! Я не ведаю, каго вы там у вашай братняй магіле пазбіралі ды пазакопвалі!
— Не ў нашай, — цярпліва папраўлялі яе. — Не наша яна, а агульная. Гэта народны сімвал.
— Хай сімвал, а я дазволу не даю!
— Ды зразумей ты: мы ж не для сябе — для цябе стараемся, табе дабра хочам, і твайму Андрэю…
— Ён мне не кажа, што яму там кепска!
— Ну падумай сама — школьнікаў куды вадзіць на 9 мая? На могілкі? Дзяцей у піянеры прымаць — перад дубовым крыжам?
— Вадзіце куды хочаце.
— …А брацкая магіла — гэта ж прыгожа, велічна, культурна… Здалёк відаць. Чыста прыбрана, літары золатам напісаныя…