Читать «Ціша» онлайн - страница 2
Андрэй Федарэнка
Іншае цікавіла Петрыка. Напрыклад, ён часта ўяўляў, як аднойчы расчыняцца дзверы, стане ў парозе бацька, стомлены, усмешлівы, з вялізным мехам грошай за плячыма, і тады яны пачнуць мітуслівы пераезд — як у фільмах пра навасёлаў ці на малюнках у кніжцы: грузавая машына з адкінутым бортам, на ёй трумо, вазон з фікусам, канапа і паласаты кот на руках хлопчыка ці дзяўчынкі, узбуджаных, расхлістаных, з круглымі ад радасці вачыма…
Няўжо гэта праўда будзе? Што давядзецца адсюль з’язджаць? Але навошта? Калі і тут так здорава? Калі іхняя Чэшкая Слабада — самае прыгожае месца ў свеце? Хіба можа быць штосьці лепшае за іхні беленькі домік, за гэты ўтульны дворык з старым абрыкосавым дрэвам пад сцяной, якое распасцёрла галіны над дахам, пачарнелым ад часу і непагадзі, пазелянелым ад моху? Па шыферных жолабах яго ўлетку скочваліся і падалі ў траву спелыя аранжава-жоўтыя плады… Тры вішні раслі каля плота — невысокія, кусцістыя, але ўраджай ягад давалі такі, што не ведалі, куды іх дзяваць, і скармлівалі гусям: баба Домна брала граблі і біла па галінах, а гусі ўжо стаялі пад вішняй напагатове з выцягнутымі шыямі, чакалі, пакуль з неба насыплецца ім ласунак, а каторая яшчэ і спрабавала лавіць ягады ў паветры.
Калі па драбіне залезці на дах, ці ўскараскацца на разгаліну абрыкосавага дрэва і азірнуцца, можна было з вышыні ўбачыць усю Слабаду. У цэнтры, як гістарычны помнік, узвышаецца недабудаваная воданапорная вежа. Ад яе вядуць роўныя вулічкі, дзеляць Слабаду на няправільныя, але ўсё адно акуратныя квадраты і прамакутнікі — з домікамі ў зеляніне садоў, з агародамі, што спускаюцца да безыменнай рачулкі. Адзін бераг у яе высокі, гэтак званы Вал, або Замчышча, хаця ніякага замка там няма ў паміне, а толькі сярод зараснікаў скрыпеня —іван-чаю, крапівы і дзікага малінніку — залежы старой чорнай клінковай цэглы, ды яшчэ калі патыркаць палкаю ці жалезным прэнтам, абавязкова ўпрэшся ў цвёрдыя парэшткі сцяны. А другі бераг — нізкі, балацяністы, які паступова пераходзіць у падлесак, а потым, па меры ўзвышэння, у сапраўдны густы казачны сасновы бор, рай для гарадскіх і мясцовых грыбнікоў-ягаднікаў.
На поўнач ад недабудаванай вежы, далёка, кіламетры за тры, маленькі аэрадромчык мясцовага значэння — усяго тры «кукурузнікі» і пяць верталётаў. На поўдзень, бліжэй да горада — цяпліцы, дзе працуе Петрыкава маці. Яны крытыя бліскучай плёнкаю, здалёк падобнай на люстраную гладзь возера. Там нават зімой, ці ў пахмурную познюю восень ад спецыяльных лямпаў светла, як у ліпеньскі поўдзень, і расце зялёная цыбуля, часнок, квасоля, гуркі, памідоры, перцы, баклажаны… Усё гэтае дабро затым укладваецца ў скрынкі, грузіцца ў машыны з будкамі і адбывае ў ненажэрны мікрараён.
А на захадзе, цераз поле, проста перад табой — гарадскія пяціпавярховікі. Добра відаць крайнюю да поля вуліцу, па якой ездзяць машыны. Калі ж прыставіць да вачэй далоні «біноклем», можна разгледзець нават маленькія фігуркі людзей на прыпынку і ўбачыць, як да іх падпаўзае жоўты «Ікарус» № 23, адзіны рэйс, які звязвае Чэшскую Слабаду з горадам. Калі не лянуешся і маеш вольны час, можна прасачыць увесь яго далейшы рух. Вось ён забярэ пасажыраў, паверне ў канцы вуліцы, расцягнуўшы на баку свой «гармонік», схаваецца ў пералеску, ізноў выплыве — цяпер бліжэй, у раёне аэрапорта, а праз якіх дваццаць хвілін ён ужо каля Петрусёвага дома! Тут таксама сапраўдны гарадскі прыпынак, з указальнікам «Чэшская Слабада», нават з пешаходным пераходам — палоскамі «зебры» ўпоперак асфальтаванай вуліцы. Далей прыпынкамі будуць «Воданапорная», «Парнікі», «Школа», чарговы паварот — і вось так, апісаўшы авал, «Ікарус» зноў апынецца на той самай крайняй да поля гарадской вуліцы, якую відаць адсюль, і перадасць ёй ад Петрыка прывітанне.