Читать «Ціша» онлайн
Андрэй Федарэнка
Андрэй Федарэнка
Ціша
Ціша
1
У 1980-м Петрусю Двораку было шэсць гадоў, і жыў ён разам з маці і з бабуляй Домнай у белым цагляным доміку на гарадской ускраіне «Чэшская Слабада».
Маці працавала непадалёку — два прыпынкі аўтобусам — у прыгарадных цяпліцах, бабуля сядзела дома, атрымлівала пенсію, глядзела гаспадарку і ўнука.
Што да Петрусёвага бацькі, малодшага сына бабы Домны — Марка, той быў «капітан дальняга плавання», у Слабадзе аб’яўляўся рэдка, раз ці два на год, а ўвесь астатні час плаваў недзе па рэках далёкай Сібіры, зарабляў грошы, каб пабудаваць кааператыўную кватэру ў «мікрараёне», — менавіта так слабадчане казалі — не горад, не мястэчка, не райцэнтр, а ўрачыста, спаважна: «Мікрараён!», пры гэтым чамусьці падымалі вочы ўгору.
Бабуля Домна лічылася «ўдавой франтавіка вайны», а таксама «мнагадзетнай маці-гераіняй». Яе муж, Петрыкаў дзед Андрэй, ляжаў пахаваны на мясцовых могілках. Вясною ўнук з бабуляй бралі бляшанку з фарбай і бутэльку аліфы і адпраўляліся паднаўляць магілку. Фарба была зялёнага колеру, а аліфа — жоўтая, цягучая, як мёд. Пакуль Петрык, у якога ад пахаў прыемна кружылася галава, боўтаў палачкай у бляшанцы, бабуля фарбавала. Зялёная агароджа паступова пачынала злівацца з колерам маладой травы і лісцем акацыяў, і нават стары дубовы крыж пад бабуліным пэндзлем маладзеў, распростваўся, нібы таксама сабраўся пускаць карані і выкідваць з сябе галінкі.
Былі ў бабы Домны яшчэ два старэйшыя сыны, родныя Петрусёвы дзядзькі, таксама сямейныя. Звалі іх Стах і Стэфан. Стэфан жыў побач, у Слабадзе, а Стах — у тым самым чароўна-заманлівым, недасяжным мікрараёне. Усе тры браты мелі розную знешнасць: Стэфан — светлы, Стах — руды, Марк — чарнявы; затое былі аднолькавыя характарамі: упартыя, упёртыя, ганарыстыя і надта ж нядружныя, да таго, што за вочы іх празвалі «браты Карамазавы», і гэтая дражнілка даўно гуляла па наваколлі як анекдот, як абазначэнне пустой крыўды:
«Чаго надзьмуўся, як той Карамаз?», ці
«Вам яшчэ не хапала сварыцца, як тым Карамазавым!»
Ніхто, у тым ліку і самі браты, не памятаў прычыны, з-за чаго ўсё пачалося, але гэтая варажнеча паміж імі цягнулася каторы ўжо год, і канца ёй не відаць было. Браты ўвесь час як бы пнуліся даказаць сабе і людзям, хто з іх траіх лепш жыве, прычым кожны быў упэўнены, што толькі ён адзін як трэба ў жыцці ўладкаваўся, самы разумны, удачлівы і гаспадарлівы, а тыя два — нікчэмныя шалапуты. Здаровыя дарослыя дзядзькі — Стэфану было 50, Стаху 45, Марку 40, а капрызнічалі горш за малых дзяцей: не віталіся, амаль не размаўлялі, не кажучы ўжо, каб сабрацца разам, як у іншых сем’ях, выпіць, пагаварыць, паабдымацца, паспяваць…
Бабуля Домна вельмі перажывала за сыноў, старалася памірыць іх, але пакуль марна.
І толькі малому Петрыку было ўсё роўна. У свае шэсць ён быў перакананы, што ён — самы шчаслівы чалавек на зямлі, людзі, якія яго акружаюць, самыя лепшыя, самыя добрыя, а выдумляюць яны нейкія праблемы проста так, ад няма чаго рабіць, каб яшчэ весялей жылося. Гэта ў іх як бы такая гульня.