Читать «Ціша» онлайн - страница 6
Андрэй Федарэнка
Петрык таксама прымаў пасільны ўдзел у падрыхтоўцы «вячорак». У яго абавязкі ўваходзіла калоць малатком абрыкосавыя кастачкі і выбіраць адтуль ядры. На іх настойвалася славутая Домніна «абрыкосаўка».
Рассаджваліся за круглым сталом, з любоўю Домнай сабраным. Усё было акуратна раскладзена па талерачках, прыгожа нарэзана: каўбаса, мяска, гуркі-памідорчыкі, салаты-цыбулькі, яйкі сырыя і вараныя… Урачыстая, радасная, памаладзелая Домна разлівала з графіна ў чаркі залаціста-жоўтую «абрыкосаўку». Выпівалі, закусвалі. Аўрам чапляў на плячо шлейку баяна. Домна брала бубен. Якаў згінаў пілу — звычайную, якой дровы рэжуць, з паліраванымі ручкамі, і пачынаў вадзіць па белым палатне сваім самаробным «смыкам». Гучала яшчэ прыгажэй, чым на скрыпцы! Піла то згіналася, то разгіналася, вібрыравала і выдавала такія жалобныя гукі, што заходзілася сэрца. Зміцер пачынаў спяваць, пабліскваючы акулярамі. Да яго далучаліся астатнія. З расчыненага вакна, у якім ветрык пухіром надзімаў фіранку, на ўсю вуліцу неслася зладжаным хорам:
Маці позна ўвечары, ці на другі дзень, памагаючы бабулі прыбіраць сляды банкета, бурчала:
— Галоўнае, дзе такія песні бяруць… Я колькі жыву, такіх не чула. Абы-што!
— Не злуйся, донечка, — цярпліва зносіла папрокі Домна. — І мне ж хочацца трохі радасці… Я ж такое цяжкае жыццё пражыла, адна удавою траіх сыноў выгадавала…
Маці апускала руку з венікам.
— Ды па мне хоць кожны дзень гуляйце! Іграйце хоць на пілах, хоць на сякерах, хоць на балалайках… Тыя ж зноў прыпруцца! Ды пачнуць плявузгаць абы-што.